Артэфакт з яшчэ неакупаванага Крыму

Купляю ў краме кільку ў таматным соусе і аўтаматам гляжу, хто вытворца. Клёва, "зроблена ва Украіне" — кідаю ў кошык (так, калі ёсць выбар, то я не купляю расійскія тавары, замяняючы іх украінскімі ці беларускімі). Аказалася, што я такім чынам набыў артэфакт з нядаўняга мінулага...

Ужо дома пачаў разглядаць бляшанку з рыбай больш пільна: адрас вытворчасці — горад Севастопаль, Украіна, імпарцёр у Беларусь — "Санта Брэмар". "Во які Машэнскі малайчына, не прызнае Крым расійскім!" — спачатку падумаў я.

А потым паглядзеў на дату вырабу — 27 студзеня 2014 года...

У гэты час Януковіч яшчэ сядзеў у Кіеве, але ўжо былі першыя ахвяры — у тым ліку загінуў наш зямляк Міхаіл Жызнеўскі. Пра тое, што будзе наперадзе — мы не маглі нават уявіць. Паглядзіце, як за кароткі час змяніўся свет, як імкліва развіваюцца падзеі — Крым, Данбас, АТА, Дэбальцава, санкцыі, мінскія дамоўленасці, Нямцоў... Ды і мы самі моцна памяняліся — падзяліліся на ватнікаў і бандэраўцаў, сварымся з-за падзей на Украіне з родзічамі... Дэвальвацыя, выбары, знос гістарычных будынкаў, забарона фоткаць адміністрацыйныя будынкі — усё гэта здаецца ўжо не такім важным, бо пад бокам ідзе рэальная вайна і гінуць рэальныя людзі...

Што будзе з намі і з нашымі краінамі ячшэ праз год? Складана загадваць, але хочацца і надалей бачыць у беларускіх крамах кільку ў таматным соўсе з надпісам "Севастопаль, Украіна". Ужо вытворчасці 2015 года.

P.S. Кілька, дарэчы, была смачная. Нягледзячы на тое, што недзе хавалася 13 месяцаў з 15 магчымых па тэрміну прыдатнасці.

 

Падзяліцца ў сацыяльных сетках:

Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Odnoklassniki
Share to Google Plus
Share to Google Buzz
comments powered by HyperComments