Бязлітасны беларускі маркетынг: не рэагуш на спам — плаці!

Хачу вам расказаць адну цікавую гісторыю пра цуды беларускага маркетынгу. Пачну здалёк – тэлевізар я не гляджу ужо амаль 8 гадоў. Хіба толькі як да бацькоў у госці прыязджаю – тады ўключаю, каб новую рэкламу на айчынным TV зацаніць. 

Адпаведна, у кватэры, якую я наймаю ўжо 2,5 гады, няма нават тэлевізара. І ніколі не было – бо мы першыя сюды ўсяліліся. І тэлевізійны кабель знаходзіцца ў выглядзе антэнных выхадаў у калідоры, якія я ніколі не правяраў.

Калі мы толькі засяліліся, хадзіла нейкая жанчына па пад'ездзе і пытала: ці будзем падключацца да TV? Пачуўшы, што тэлевізар не ўпісваецца ў нашае шчаслівае жыццё, яна ў роспачы сышла. І на гэтым усё скончылася – больш пра «ціві» ніхто не пытаў, і ў жыроўках за 2,5 гады ніводнага радка пра тэлебачанне не было.

Але напрыканцы кастрычніка 2013 года у паштовай скрыні я знайшоў вось такі прыгожы канверцік з маім адрасам (але без прозвішча):

Спачатку я гэты спам хацеў выкінуць не чытаючы, але ўсё-такі не ўтрымаўся і адкрыў. У канверце мяне чакаў  проста цудоўны ўзор беларускага маркетынгу: мне пагражалі тэлебачаннем!

Калі коратка, то ў гэтай адксеракапіянаванай копіі "ліста ў нікуды" намеснік дырэктара па маркетынгу ААТ МТІС спадар Ніканкін паведамляў, што, па-першае, наша кватэра, аказваецца, працяглы час падключана да іх сеткі кабельнага тэлебачання. Па-другое, калі я не карыстаюся іх паслугамі, то мне трэба ім патэлефанаваць і пакінуць заяўку на адключэнне кватэры. Ну ці падпісаць са МТІСам дамову. А цяпер самае цікавае: калі я нічога не зраблю, то дагавор са мной будзе аўтаматычна заключаны! А плата – уключана ў жыроўку.

Вось скан дамовы:

Натуральна, я нічога не падпісваў і быў здзівіўлены такой нахабнасцю. Хацеў па гарачых слядах з імі пасварыцца, але з-за дэдлайнаў на працы забыўся пра гэты спам.

Атрымаўшы жыроўку за снежань, я ўбачыў новыя радкі - «ТБ-праграмы – 8 штук за 3648 рублёў і 46 штук за 40848 рублёў».

Вось так мяне па-сутнасці прымусова падпісалі на паслугу, хаця я яе не замаўляў і тым больш ніякіх дакументаў не падпісваў. Клёвы маркетынг, праўда? Цяпер што, трэба абавязкова чытаць увесь спам, які мне закідваюць у паштовую скрыню? А то раптам у наступным месяцы я знайду ў жыроўцы радкі за ўсталяваныя дзверы, падвесныя столі і іншыя паслугі, якія пачкамі закідваюцца у скрыню...

Карацей, пачаў я са МТІСам разбірацца. Патэлефанаваў ім ў інфармацыйна-сэрвісную службу. Цётачка выслухала мае прэтэнзіі і стомленым голасам (відаць, не я такі першы) расказала, што трэба далей рабіць: спачатку выклікаць майстра, які праверыць, ці сапраўды кватэра падключана (і калі так - то адключыць), а потым напісаць заяву на вяртанне грошай. Майстра я так і не бачыў: ён мне адзваніўся на мабілу і паведаміў, што ў нашым доме па змаўчанні ўсё кватэры падключаны да МТІС. І паабяцаў кабель ад нас адключыць. Засталося напісаць заяву, у якой я кораценька пераказаў сэнс праблемы і некалькі патрабаванняў:

1) Паведаміць, на якой падставе мне быў выстаўлены рахунак на аплату паслуг ААТ МТІС, хаця я ніякай дамовы не падпісваў?

2) Зрабіць так, каб у жыроўках за камунальныя паслугі больш такога радка не з’яўлялася. Дадаткова паведамляю, што я пакідаў заяўку на спецыяліста з вашай кампаніі, які 29 студзеня 2014 года патэлефанаваў мне і паведаміў, што кватэра будзе адключана ад сеціва.

3)  Вярнуць мне ўжо аплачаныя за снежань 2013 года 3648 рублёў і 40848 рублёў, паколькі я паслугамі МТІС не карыстаўся.

4) Прынесці прабачэнні за ваш маркетынг і фактычна прымусовае падключэнне абанентаў без заключэння дамовы, а таксама спыніць такую практыку навязвання паслуг. Апраўданні, што я мог патэлефанаваць і адмовіцца ад паслуг, не прымаюцца: чаму я павінен марнаваць час і адказваць на кожны спам у паштовай скрыні? А калі б я гэты ліст наогул не атрымаў?..

Адказ я атрымаў толькі на трэці пункт:

У студзеньскай жыроўцы радкоў за ТБ не было, значыць, будзем лічыць, што і пункт #2 таксама выкананы. А вось на мае патрабаванні патлумачыць, на якой падставе яны выстаўлялі мне рахунак, а таксама прынесці выбачэнні, таварышы нічогане адказалі. Буду зноў пісаць ім ліст і, напэўна, скардзіцца ў Міністэрства гандалю на недобрасумленную рэкламу.

Калі ў каго ёсць добрыя думкі ці парады па тэме - пішыце! Хочацца неяк давесці рабятам з МТІС, што выбраны імі маркетынгавы шлях не надта добры для набору абанентаў і для іміджу кампаніі ў цэлым.

Падзяліцца ў сацыяльных сетках:

Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Odnoklassniki
Share to Google Plus
Share to Google Buzz
comments powered by HyperComments
Анна Ш.
2014-02-26 15:27:47
Ды ну іх у дупу з такім маркетынгам! Калі не палянуешся, трэба б іх паказальна засудзіць. Ну як мінімум закідаць скаргамі. Зусім ужо падурэлі. Хаця, калі хоць крыху сутыкнуцца з метадамі працы ўстаноў кшталту Дзяржкантролю, то гэтыя рабяткі - проста цуцыкі ў параўнанні, дзеці.