Хата з краю: як мне свідравіну рабілі (запіс #10)

Нарэшце у мяне гара ўпала з плеч - цяпер у мяне на участву ёсць вада! І сёння я вам раскажу пра тое, як б'юць свідравіны і колькі гэта каштуе. Калі вы не чыталі папярэдні пост пра мае першыя спробы пошукі вады, то спачатку зрабіце гэта, каб разумець кантэкст.

Калі сцісла пераказаць мінулае, то я ведаў наступныя рэчы:

  1. Адзіны варыянт здабыць ваду - свідравіна (калодзеж не атрымаўся, вадаправода яшчэ чакаць невядома колькі).
  2. Вада ў нашай мясцовасці глыбока - каля 100 метраў.

І я пачаў вывучаць рынак буравых паслуг: недзе на працягу тыдня я шукаў дадзеныя буравых кампаній з усёй Беларусі, тэлефанаваў і запісваў у нататнік прапануемыя ўмовы.

Што магу сказаць па выніках: куды ні звярніся, усе сябе нахвальваюць, а канкурэнтаў - трошкі ганьбяць. Але гэта, напэўна, нармальна :)

У працэсе пошукаў я зразумеў наступныя рэчы:

  1. Ёсць кампаніі з кампактнымі малагабарытнымі бурыльнымі ўстаноўкамі, а ёсць - з вялікімі і сур'ёзнымі. Першых мае сэнс выклікаць на ўчастак, калі ў вас вада залягае вельмі блізка ад паверхні зямлі. Атрымаецца танней, ну а ў выпадку чаго можна свідравіну перабурыць праз некалькі гадоў - сумы не такія вялікая. Ну а калі вада глыбока, як у мяне - то шукаць трэба толькі сур'ёзнае абсталяванне на базе якога КамАЗа ці "Урала".
  2. Лепш заказваць у кампаніі, а не ІП. Усе абяцаюць доўгую гарантыю на свідравіны, але пры гэтым у сеціве я знаходзіў аб'явы ІПэшнікаў аб продажы бурыльнага абясталявання. Ну а калі чалавек вырашыў змяніць від дзейнасці, то як ён потым будзе  свае гарантыйныя абавязальніцтвы выконваць? Хаця і кампанію таксама можа закрыць, але тут больш марокі для заснавальнікаў.
  3. Зараз на буравым рынку крызіс. Цэны на паслугі мінімальныя (калі не хлусяць бурыльшчыкі - то трохі большыя за сабекошт), кліентаў мала. Яшчэ пару гадоў таму за метр прасілі мо ўдвая болей. Але магчыма, што па вясне жадаючых знайсці вадзічку стане больш і цэны зноў падрастуць.
  4. Сярэдні кошт на бурэнне - 30-35 баксаў за 1 метр. Сюды ўваходзіць разведка, само бурэнне, фільтр і абсадныя трубы (пластыкавыя 125 мм). То бок за гэтыя грошы вы атрымліваеце трубу ў зямлі з вадой. Помпа і ўладкаванне свідравіны (кесон, аўтаматыка, заводка ў хату і г.д.) - па асобным прайсе. Рабяты на малых устаноўках гатовы бурыць значна танней - мо нават і за 18 баксаў. Але чытайце пункт першы.
  5. Сур'ёзныя буравыя кампаніі працуюць і ўзімку. Пры чым з-за таго, што заказаў у гэты сезон не так шмат, можна дамаўляцца на нейкія індывідуальныя ўмовы і сэканоміць.

Паколькі я ведаў, што вада ў мяне глыбока, то адным з асноўных крытэрыяў выбару кампаніі была цана. Бо нават розніца ў пару баксаў, памножаная на 100, набягае ў салідную суму.

Я знайшоў адну сур'ёзную (як мне падалося) кампанію, гатовую працаваць за 25 долараў за метр. Але супрацоўніцтва з імі не атрымалася: уся іх тэхніка была на нейкім прамысловым аб'екце, і трэба было чакаць іх прыезду ў лепшым выпадку месяц, а то і болей. А мне хацелася свідравіну прама зараз, бо фактычна гэта самы апошні  глабальны этап у маім будаўніцтве, які стапарыў усё астатняе.

У гэты час на TUT.by перадрукавалі мой вопыт пошуку вады, і ў тэксце быў камент буравой кампаніі "СпецБурВод" (яны ж - AR COMPANY, а таксама Eviel). Я патэліў ім - бяруць 30 баксаў за метр.

"Дарагавата", - падумаў я, і пачаў шукаць далей. Знайшоў яшчэ кампанію, гатовую працаваць за 28 долараў. Збіраўся ўжо ехаць заключаць дамову, але тут "мінчанін, які будуе дом у вёсцы", вырашыў бурыць свідравіну, і запрасіў як раз "СпецБурВод". Паколькі я знаёмы з гэтым "мінчанінам", то паехаў паглядзець на працэс. Ну і пазнаёміцца з кіраўнікамі фірмы.

Убачыў, што хлопцы адэкватныя, і вырашыў: калі скінуць цану да 28, то замоўлю ў іх - мне якая розніца, у каму плаціць грошы. Яны трохі падумалі над прапановай зрабіць зніжачку ў два баксы, падмацаванай перспектывай паста ў маім бложыку,  і пагадзіліся :) Адразу падпісалі дамову і літаральна праз дзень тэхніка ўжо прыехала да мяне на ўчастак.

Прыязжаюць яны цэлым караванам: на двух машынах + вагончык для пражывання. Машыны такія, што едуць нават без дарог (як раз актуальна для майго выпадку).

Прыбылі ў панядзелак увечары: размясціліся, а я паказаў месца, дзе бурыць. Выбіраў яго падалей ад сваёй каналізацыі, а таксама ад будучых септыкаў суседзяў. Хаця для вялікай глыбіні гэта не так актуальна. Ну і ад хаты адступіў метраў дзесяць, каб свідравіна не паўплывала на падмурак.

Для бурэння хлопцы выкапалі катлаванчык - зумпф, вада з якога заганяецца ў свідравіну, вымывае пароду і вяртаецца назад.

Туды ж яны падлівалі бентаніт:

А на ЗіЛу прывозілі ваду:

На другі дзень пачалі бурэнне. Калі я прыехаў у абед, то прабурылі каля 60 метраў - і вады шчэ не было.

Я, канечне, трошкі засумаваў, бо недзе ў глыбіні душы я спадзяваўся, што вада знойдзецца на 50-60 метрах і мне прыйдзецца плаціць значна меней.

Прыкладна на 70 метрах бурэнне спынілі і зрабілі перапынак да наступнага дня.

На трэці дзень працягнулі, я стаяў побач, і з кожнай новай штангай, заганяемай пад зямлю, развітваўся з усё большымі і большымі грашамі. Скажу вам, гэта гэта як у суперлато гуляць - вельмі нервова. Але ў адрозненне ад латарэйкі, выігрыш тут ўсё адно будзе - вада знойдзецца рана ці позна. Пытанне толькі ў глыбіні :)

Недзе на ста метрах хлопцы з "СпецБурВод" нарэшце сказалі, што вадзічка знайшлася. І паказалі пясочак з ваданоснага слоя:

Я з палёгкай выдахнуў - сэканоміць не ўдалося, але два факты мяне радавалі: 1) вада ўсё-такі знайшлася; 2) глыбіня не 150 метраў, на якую ў мяне ўжо грошай не было.

У выніку глыбіня маёй свідравіны склала 105 метраў. Сталі засоўваць абсадную трубу - пластыкавую, 125 мм:

Фільтр - самаробны. Сказалі, што па функцыяналу ён такі ж, як і завадскі:

Вакол фільтра хлопцы падсыпалі кварцавага пяску:

І ўвесь вечар трэцяга дня, а таксама першую палову чацвёртага - "распампоўвалі" свідравіну. Калі я прыехаў на чацвёрты дзень, з трубы ішла чысценькая вадзічка:

А сама свідравіна выглядала вось так:

Папрасіў памераць глыбіню на камеру:

Статычны ўзровень вады падняўся да 41 метра. Дынамічны ўзровень - 47 метраў. Помпу парэкамендавалі вешаць на 50-52 метрах. Дэбіт свідравіны - 4 кубаметры ў гадзіну. На свідравіну зрабілі пашпарт, куды занеслі ўсе гэтыя лічбы, а таксама напісалі, што гарантыя - 25 гадоў.

У выніку за 2940 баксаў я атрымаў трубу ў зямлі, у якой ёсць вадзічка, а таксама катлаванчык-зумпф (з'ехалі і не закапалі - прыйдзецца закідваць рыдлёўкай). На аналіз ваду шчэ не вазіў, але пазней абавязкова гэта зраблю і адпішуся пра вынікі.

А яшчэ ўвесь экнш, што адбываўся на маім участку, я здымаў на камеру: забраў ў жонкі мабілу на тры дні, паставіў на штатыў і запусціў спецыяльную праграму.

Кожныя 10 секунд рабіўся фотаздымак, з якіх потым збіраўся відэафайл. Таму за тры хвіліны вы можаце паглядзець усё тое, што адбывалася за тры дні:

Мо так і відэаблогерам стану :) Як лічыце, варта развіваць такую тэму?

Ну і наступны этап для мяне - падабраць абсталяванне і завесці ваду ў дом. Але пра гэта - наступным пастом.

P.S. Дарэчы, на Facebook завялася суполачка "Хата з краю", у якой можна абмяркоўваць будаўніцтва і дзяліцца сваім вопытам. Далучайцеся!

Падзяліцца ў сацыяльных сетках:

Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Odnoklassniki
Share to Google Plus
Share to Google Buzz
comments powered by HyperComments