Хата з краю: як мы разеткі і свяцільнікі вешалі (запіс #8)

Вырашыў пра свяцільнікі і разеткі напісаць асобна, каб не перагружаць будучы пост пра тое, адкуль мы бярэм электрычнасць (я інтрыгант, праўда?).

У нашай хатцы праводка была ўжо закладзена ў сцены "Зодчым", бо я падумаў, што так будзе прыгажэй, чым цягнуць потым проста па сценах. Спачатку на будоўлю прывезлі шматжыльныя правады. Але хлопцы, якія збіралі дом, параілі паехаць у офіс "Задчага" і папрасіць аднажыльны медны. Я так і зрабіў — праўда, прыйшлося трохі даплаціць.

Разеткі і выключальнікі можна было малявать дзе заўгодна і колькі заўгодна, і я іх не пашкадаваў — наляпіў амаль на кожнай сцене з запасам. Бо ў нашым жыцці становіцца ўсё больш гаджэтаў, і іх трэба недзе сілкаваць.

Таксама папрасіў зрабіць прахадны выключальнік з першага на другі паверх, каб лямпачку над лесвіцай можна было ўключаць/выключаць з двух месцаў.

У выніку на момант здачы дома у мяне былі выведзены правады на месты будучага электрашчытка, а таксама тырчалі са сцен на месцах выключальнікаў і разетак.

Як потым выявілася, палова праводкі не "празванівалася", бо майстры "Зодчага" не сабралі адну размеркавальную каробку.

А разетка для электрапліты аказалася падлучана да ўсіх астатніх разетак на кухні, хаця павінна была ісці на асобны аўтамат у шчытку. Прыйшлося выклікаць іх электрыка, каб выправіў недахопы.

Пасля яго візіту і ліквідацыі касякоў выявіліся новыя "багі": 1) не працуе прахадны выключальнік; 2) пераблытаны злучэнні лямпачак і выключальнікаў у калідорчыку і на ганку (святло на ганку ўключаецца ў калідоры і наадварот). Гэтыя праблемы і да сёння не выпраўлены, але тут ёсць і мая віна: я спрабаваў разабрацца і зрабіць усё самастойна, а калі не змог, то так рукі і не дайшлі патэліць электрыку "Зодчага". Але ж калі-небудзь выгадаю час і абавязкова патэлю, каб закрыць гэтае пытанне.

Таксама дзіўна быў прымацаваны адзін провад: прама пад ганкам, праз шчыліны якога праліваецца дождж. Я ўжо яго самастойна перанёс на сухое месца пад дом.

Разеткі

Я выбраў вырыянт знешніх разетак. Па-першае, іх лягчэй манціраваць, па-другое, гэта больш правільна з пункту гледжання пажарабяспекі ў драўляным доме.

Паколькі разеткі быі патрэбны проста белыя, то выбар брэндаў быў вялікі. Але перамог фактар цаны: узялі самыя танные беларускія — серыі "Пралеска" ад УП "Светапрыбор". За увесь набок разетак і выключальнікаў для дома я аддаў 102,07 рублёў. Набываў у іх фірмовай краме на вуліцы Якубоўскага, бо там трошкі меншая рознічная нацэнка.

Што магу сказаць пра разеткі: пры мантажы нічога не зламалася, ну а досведу эксплуатацыі яшчэ няма.

У разетках свідраваў такія во дзірачкі, каб провад адразу са сцяны трапляў у разетку.

З аднаго боку, вельмі шкада, што вытворца не прадугледзеў для гэтага спецыяльныя выхады. А з другога — зрабіць дзірку ў любым патрэбныя месцы няма ніякіх праблем.

У ваннай і на ганку ўсталяваў разеткі з абаронай ад пырскаў:

Раскажу яшчэ пра пару нюансаў, якія ўзнікаюць пры мантажы:

1. Закруціць провад зазямлення на двайную разетку — гэта проста адскі ад! Няма зручнай клемы, прыходзіцца нейкім чынам выкручвацца і лавіць атвёрткай гайку, каб заціснуць провад. Ці то можа я што няправільна рабіў?

2. Вось у такой версіі закрытай адзінарнай разеткі вельмі дзіўна зроблены кантакт для зазямлення. Ён проста ні да чаго не дакранаецца! Які сэнс мацаваць сюды зазямленне??

У выніку разеткі выклядаюць на сценах вось так:

А ў сябе ў кабінеціку я павесіў ажно дзве разеткі па чатыры слоты! Цяпер можна абыйсціся без падаўжальніка-пілота :)

Свяцільнікі

Са свяцільнікамі ў нас пытанне вырашылася вельмі добра: вырашылі павесіць садовыя. Вось такія, віцебскія, ад "Электа":

Па акцыі ў пачатку траўня яны прадаваліся недзе па 100-150 тысяч рублёў! Калі вы цікавіліся, колькі каштуюць звычайныя люcтры, то вы зразумеце, што эканомія шыкоўная :)

Праўда, закупіліся свяцільнікамі не ва ўсе пакоі, аб чым шкадую — зараз такія каштуюць ужо больш чым за 20 рублёў.

Дарэчы, з імі ёсць некалькі праблем:

  1. Камплектацыя. У адной з каробак не хапіла болцікаў. У другой — ніжняй пімпачкі. Хоць ты ідзі ў краму і ціхенька ўкрадзі гэтую пімпачку з другога набору.
  2. Нязручны мантаж. Патрапіць двума болцікамі ў дзірачкі ў кранштэйне на столі — амаль як выцягнуць мяккую цацку ў ігральным аўтамаце.
  3. Незразумелая інструкцыя па зборцы. Паспрабуйце пачытаць гэты дакумент:

Зможаце нешта сабраць з такога канструктару?

Так і хочацца даслаць ім на завод пару "ікеяўскіх" інструкцый у якасці ўзору, дзе нават малы дзіцёнак разбярэцца, як збіраць рэчы.

Але ў цэлым свяцільнікі выглядаюць прыкольна:

У ваннай захацелася брутальнасці. І туды вельмі добра ўпісаўся яшчэ адзін віцебскі свяцільнік:

Кошт таксама шыкоўны: усяго 6 рублёў 5 капеек!

Лямпачкі ўсе паставіў светадыёдныя у форме "свечка на ветры". Дзесяць штук 5-ватных каштавалі 36 рублі 20 капеек, пяць штук 7,5-ватных — 22 рублі 35 капеек.

Ну а пра тое, як збіраўся электрашчыток, раскажу ў пасце пра тое, як мы знайшлі электрычнасць у чыстым полі і колькі гэта каштавала :) Сачыце за абнаўленнямі!

Падзяліцца ў сацыяльных сетках:

Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Odnoklassniki
Share to Google Plus
Share to Google Buzz
comments powered by HyperComments