Хата з краю: як выбраць дом сваёй мары (запіс #3)

Хата з краю: як выбраць дом сваёй мары

З самага пачатку лепш за ўсё ўзяць аркушык паперы, сабраць сямейную нараду і запісаць усё тое, што вы чакаеце ад дома: колькі паверхаў там будзе, якой павінна быць агульная плошча, колькі пакояў і з якім функцыяналам, ці будзе там камін, тэраса і г.д. Чым больш падрабязнасцей, тым прасцей у далейшым будзе выбіраць.

Для сябе мы адразу вырашылі, што нам не патрэбны вялікі дом – недзе 90-120 “квадратаў” для жыцця будзе дастаткова. Нават калі з'явіцца многа дзяцей, яны ўсё адно пасля 18 гадоў з’едуць падалей ад бацькоў, а спадзявацца на сумеснае пражыванне ў доме трох пакаленняў зусім не варта – апошні раз гэта было модна недзе ў XIX стагоддзі.

Другой прынцыповай штукай для мяне была наяўнасць каміна. Ну каб як у галівудскіх фільмах – зімовым халодным вечарам накідаць у камін дроваў, сесці ва ўтульнае крэсла і заліпнуць на вогнішча :)

З такімі ўваходнымі дадзенымі мы і пачалі выбіраць варыянты будаўніцтва, якіх на сёння вельмі многа, і кожны з іх мае свае перавагі і недахопы.

Дом з блокаў

Гэта сёння самы распаўсюджаны варыянт у Беларусі. Галоўныя аргументы “за” - 1) надзейна і 2) ўнукам яшчэ дастанецца.

Я папрасіў свайго сябра, Алеся Сержановіча, які як раз будуе такі дом, напісаць пра перавагі і недахопы гэтага варыянту:

Плюсы:

  • добрая цеплаізаляцыя, асабліва калі выкарыстоўваць блокі таўшчынёй 40-50 см;
  • лёгкасць канструявання ў параўнанні з цагляным домам;
  • высокая вогнебяспечнасць;
  • кошт параўнальны з сярэднімі прапановамі па “каркасніках”, але ўсё ж каменны дом;
  • пры добрых грунтах можна зэканоміць на падмурку, бо блокі - лёгкі матэрыял.

Мінусы:

  • дом не дыхае, і, па чутках, нешта там можа выдзяляцца, але гэта больш забабоны;
  • у параўнанні з “каркаснікам” марудны тэмп будаўніцтва;
  • могуць узнікнуць праблемы ў мацаванні цяжкіх штук на сцены, бо блокі, асабліва некаторых вытворцаў, “сыпучыя”.
Дом з блокаў
Фота Алеся Сержановіча

Я б яшчэ ў плюсы дадаў магчымасць будаваць хату з блокаў паступова. Гэты варыянт актуальны, калі адразу на ўсё грошай у скарбонцы недастаткова: трохі падсабіраў – заліў падмурак, потым – набыў блокі, склаў сцены і г.д. Акрамя таго, вялікую частку некваліфікаваных работ можна рабіць самому, а калі сярод родзічаў ёсць будаўнікі – то і ўвесь дом можна скласці сямейным падрадам.

Да мінусаў я б дадаў вялікія выдаткі грошай, работы і часу на аддзелку – знешнюю і ўнутраную. А наконт паранальнага кошту з “каркаснікамі” варта паспрачацца :)

Ад дома з блокаў мне прыйшлося адмовіцца, таму што ў будаўніцтве я разбіраюся трохі больш, чым ніяк, і сярод блізкіх родзічаў крутых будаўнікоў таксама няма. Гэта значыць, што да ўсіх больш-менш кваліфікаваных работ мне б прыйшлося прыцягваць спецыялістаў і кантраляваць якасць іх працы, што значна павялічвае кошт будаўніцтва.

Дом з дрэва

Драўляны дом – гэта цёпла і лампава :) Плюсы: экалагічна і як у дзядоў. Мінусы: трэба апрацоўваць рознымі штукамі, каб не пагніло і пацукі не паелі.

Драўляны дом

Варыянт вельмі добры, калі маецца доступ да таннага лесу, а сярод блізкіх ёсць крутыя цесляры. Але, на жаль, ні першага, ні другога ў мяне няма.

Наогул, разглядаючы розныя праекты і матэрыялы, я прыйшоў да высновы, што ідэальнае для мяне выйсце – гэта амаль што дом “пад ключ”. Ну за выключэннем фінальнай дробнай аддзелкі, бо пафарбаваць і папрыбіваць розныя штукі я і сам магу. Такім чынам выбар дайшоў да “каркаснікаў”.

Каркасныя дамы

Па гэтай тэхналогіі будаўніцтва ідзе шмат гадоў у розных краінах, але для Беларусі гэта ўсё яшчэ навінка. І многія гаспадары пры ўзгадванні “каркаснікаў” крывяць тварыкі: маўляў, не патрэбны нам гэтыя домікі Ніф-Ніфа.

Але людзі ва ўсім астатнім свеце таксама не лыкам шытыя – і неяк жа будуюць “каркаснікі”, і жывуць у іх. Бо сістэма простая і зразумелая: каркас, уцяпляльнік і абшывачка з двух бакоў. І будуецца вельмі хутка.

Карацей, было прынята псіхалагічнае рашэнне будаваць “каркаснік”, калі ён атрымаецца танней за астатнія варыянты. Патрабаванні былі такія:

1) Будаўніцтва па-максімуму “пад ключ”, бо самому наймаць людзей і іх кантроліць выходзіць даражэй;

2) Знайсці стандартны праект, які б адпавядаў нашым патрэбам. Зноў такі, каб зэканоміць на распрацоўцы ўнікальнага праекта.

Пры выбары свайго “каркасніка” я перабраў некалькі кантор. Падзялюся спасылкамі і ўражаннямі. Самым першым разглядаўся “Гомельдрэў”. Там каркасныя дамы збіраюцца ўжо шмат гадоў, і ёсць прыкольны па планіроўцы праект “Іпуць” на 154 квадраты.

Праект "Іпуць"

Мы нават з’ездзілі ў Гомель на прадпрыемства, бо ў іх на тэрыторыі стаіць такі сабраны дом - можна пахадзіць унутры і памацаць яго рукамі. Дом сімпатычны, але само прадпрыемства – гэта капец. У тым сэнсе, што яно дзяржаўнае – пару чалавек у аддзеле продажаў рубяцца ў “касынку” на кампе, яшчэ адзін (без кампа) – шпурляе асадку па стале ў чаканні абедзеннага перапынку. А пакуль мы хадзілі па “Іпуці”, там прарвалася батарэя. Наш “экскурсавод” спрабаваў адначасова вычарпаць ваду і дазваніцца да сантэхнікаў, а ўсе астатнія супрацоўнікі прадпрыемства праходзілі міма і ніяк не хацелі ўдзельнічаць у працэсе выратавання дома… У прынцыпе, як яны там працуюць, мне ўсё адно, але недзе на падсвядомасці я разумеў, што зарплаты ўсіх гэтых лішніх на вытворчасці людзей закладзены ў сабекошт дома…

Карацей, з “Гомельдрэвам” лёс не склаўся: адзін камплект без уцяпляльніка (бо мінвату няма сэнсу везці з Гомеля ў Менск) каштаваў яшчэ больш-менш прымальна, але калі дадаць дастаўку, зборку, уцяпляльнік – то цана станавілася не зусім прывабнай.

Пасля глядзелі праекты каркасных дамоў у “Ляхавічыдрэў”. Там ёсць што павыбіраць, але ў выніку цэны ўсё-такі не спадабаліся. А зараз, дарэчы, у іх на сайце вісіць проста цудоўная фраза: “В связи с загруженностью производства прием заказов ПРИОСТАНОВЛЕН”. Ва ўсёй краіне крызіс, рынкі сціскаюцца, кліентаў з жывымі грашамі на руках носяць, а гэтыя рабяты з Ляхавічаў дазваляюць сабе пісаць такія рэчы :)

Ляхавічыдрэў

На адной з будаўнічых выстаў дурыў галаву прадстаўніку кампаніі “Каркасныя будаўнічыя тэхналогіі”. Кампанія падалася адэкватнай, але цэны на той момант мне не спадабаліся.

Я ўжо нават пачаў думаць, што Беларусь да “каркаснікаў” за нармальныя грошы яшчэ не дарасла, але тут на нашым рынку з’вілася кампанія “Зодчий”, дачка расейскай аднайменнай канторы, з даволі цікавымі па цане дамамі. На адным з іх мы і зрабілі выбар – “Фенікс 2К”.

Праект "Фенікс 2К"

Усе падрабязнасці, плюсы і мінусы гэтага дома - у наступнай серыі. А пакуль пішыце ў каментах, дом з якога матэрыялу вы б сабе хацелі і чаму.

P.S. Разглядаў таксама і зусім экзатычныя для нас варыянты – напрыклад, дом з саломы. Яно, канечне, крута, але выпрабоваць на сабе новую тэхналогію па цане звычайнага дома – неяк не прыкольна. Калі б на 50% танней – то можна было б і рызыкнуць :)

Падзяліцца ў сацыяльных сетках:

Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Odnoklassniki
Share to Google Plus
Share to Google Buzz
comments powered by HyperComments