Хата з краю: як я шукаў ваду, а зрабіў каналізацыю (запіс #9)
|Знайсці ваду для хаткі і зладзіць каналізацыю — дзве вялікія справы пры будаўніцтве дома. На момант напісання дадзенага паста я вырашыў толькі адну з іх: з пошукам вады ўзніклі праблемы, якія, аднак, дамаглі вырашыць другую справу — абсталяванне каналізацыі. І зараз я вам раскажу, як з калодзежа атрымаўся септык.
Многія рэчы, якія тут апісваюцца, былі падгледжаны на Ютубе у відосах, якія пачынаюцца са слоў "Як зрабіць сваімі рукамі...". Таму я не буду падрабязна разказваць пра тое, як, напрыклад, паяць поліпрапіленавыя трубы: я ў гэтым не прафесіянал, і лепей вам таксама будзе паглядзець арыгіналы на Youtube. Я ж проста падзялюся логікай будоўлі камунікацый на хаце з краю, а таксама раскажу пра цяжкасці, з якімі сутыкнуўся ў працэсе. Паехалі!
Камунікацыі ўнутры хаткі
Разводка камунікацый унутры дома атрымалася дастаткова кампактнай, бо кухня побач з ваннай/прыбіральняй, а на другім паверсе, калі вы памятаеце, мы вырашылі адмовіцца ад прыбіральні на карысць майго кабінеціку. Праўда, месца для бойлера з гарачай вадой было прызначана ў тамбуры, таму трубы туды аказаліся цягнуць далекавата.
Спачатку прыдумваем, як усё будзе стаяць, каб ведаць, куды цягнуць трубы:
Пачынаў усё рабіць з каналізацыі. Прыкінуў, як пракласці трубы ў прыбіральні:
Плюс каркаснага дому ў тым, што ўзяў дрыль — і нарабіў дзірак там, дзе табе патрэбна. А паколькі хата яшчэ стаіць на палях, то і доступ пад домам свабодны: можна на любым этапе туды залезці і капаць траншэі.
Вось, напрыклад, раблю дзірку ў падлозе для выхаду каналізацыйнай трубы з хаты:
Збіраць трубы для каналізацыі вельмі лёгка: памераў, адрэзаў, уставіў адна ў адну (з сіліконавай змазкай) і потым хамуцікамі прымацаваў да сцяны. Канечне, з захаваннем патрэбных ухілаў (таблічкі з велічынёй ухілаў для розных дыяметраў можна лёгка нагуліць).
Далей — мантаж труб для вады. Тут поліпрапілен, і ўсё ўжо больш складана. Пачынаем выкладваць вугалкі і трайнікі так, як нам патрэбна:
Паяць трэба вось такім дэвайсам. Прыйшлося яго набыць за 50 баксаў. Як усё завяршу, напэўна, паспрабую загнаць на барахолцы, каб не пыліўся ў хаце:
Трубы з бойлера, месца якога ў тамбуры, да ваннай прыйшолся весці пад домам. Бо ўнутры праз усю хату гэта было б непрыгожа:
Трубы дзве: адна асноўная для гарачай вады, а другая — на перспектыву, для цыркуляцыі. Устаўлю туды калі-небудзь помпу, і хай ганяе ваду па коле, каб уключаеш кран — і адразу цячэ гарачанькая.
Трубы, вядома, трэба добра ўцяпліць. Апрануў кожную ў "футра", а потым яшчэ і разам у вялікае "футра":
Вось што ў выніку ў мяне атрымалася. Гэта ванная/прыбіральня:
Тут выхад каналізацыі з хаты і будзе стаяць унітаз. Ну і падача халоднай вады ў бачок:
Гэта для рукамыйніка — халодная і гарачая вада, зліў:
Гэты вузел схаваецца пад душавой кабінай — уверх ідуць дзве трубы з гарачай і халоднай вадой, а па цэнтры зліў для душа:
А гэта хвосцік для пральнай машыны — халодная вада (яшчэ не напаяны канцавы фіцінг) і зліў:
І кухня — гарачая і халодная вада, сцёк для рукамыйніка, а таксама вада і зліў для посудамыечнай машыны:
Ну а вось гэта — дзве трубы да бойлера ў тамбуры:
Сумная гісторыя пра калодзеж
Вадаправоду ў нас няма, таму ваду прыходзіцца шукаць пад зямлёй. Хаця я разглядаў і альтэрнатыўныя варыянты: напрыклад, збіраць дождж. Але потым адмовіўся, бо 1) непрадказальны хімічны склад: 2) у хаце павінна быць вялікая ёмістасць з запасам; 3) узімку трэба неяк тапіць снег.
З падземнай вадой ёсць два варыянты: калодзеж і свідравіна. Найбольш зручны і аптымальны — гэта свідравіна. З яго я і пачаў, калі нагледзеўся на Youtube ролікаў як прабіць свідравіну сваімі рукамі.
Схема простая: на вяроўку прывязваецца кавалак трубы, ён дзяўбаецца ў глебу, глеба забіваецца ў трубу, ты яе дастаеш — і дзяўбаеш далей. Калі пашансавала, то за пару дзён людзі праходзілі метраў дзесяць і знаходзілі верхаводку. Мне для тэхнічных патрэб хапіла б з галавой на першы час.
Але схема самастойнага дзяўбання ў мяне не пракаціла: глеба чамусьці ніяк не хацела забівацца ў трубу, а заставалася ў яміне.
Таму я трохі памучыўся і кінуў дурное.
Пачаў тэліць у кампаніі, якія прабіваюць свідравіны. Але яны ўсе расказвалі пра тое, што ў нашай мясцовасці першая вада на 100 метрах! Памнажаем 25-30 долараў за метр на 100 — і атрымліваем каля 3 тысяч долараў толькі за свідравіну! Таму гэты варыянт быў пакінуты на самы крайні выпадак.
Я пачаў вывучаць тэму з калодзежамі. Пайшоў блукаць па акрузе ў іх пошуках. На полі, дзе мы будуемся, калодзежаў няма, а во ў старой часцы вёсцы — трохі ё. І не катастрафічна глыбокія. Вось адзін, ужо даўно закінуты:
І тут як раз суседзі праз адзін участак выкапалі новы калодзеж. Самастойна, на 10 калец.
Палез глядзець цэны на копку калодзежаў і ўзрадаваўся: 10 калец абыходзіліся ў 700 баксаў (50 баксаў за працу за 1 кальцо + 20 баксаў кошт самаго кальца)! Пагадзіцеся, гэта больш прыемная лічба, чым 3000 за калонку.
Спачатку вырашыў трохі патэсціць адкапаную суседзямі ваду: хаця б праверыць на нітраты (бо калі іх там шмат, то можна калодзеж і не капаць). За 1,5 рублі ў Цэнтры экалагічных рашэнняў набыў
Мой тэст паказаў або нулявы ўзровень, або мінімальны — цяжка разабраць адценні:
На "Куфары" знайшоў
І пачалі капаць. Спачатку яны рабілі гэта без кольцаў:
Пасля пайшоў сыпучы грунт і сталі чакаць машыну з кольцамі. Заказалі 10 штук:
Хлопцы працягнулі капаць, а я паехаў у горад. Прад вечар тэляць мне і падазрона так пытаюць: калі плануеце прыехаць, ёсць праблемка.
Аказваецца, што яны ўжо закапалі сем калец, але ўсё яшчэ капаюць сухі гравій. Забілі двухметровы штыр — ён таксама сухі. Хаця ў суседзяў праз пару метраў пасля паверхні скончылася гліна і пайшоў нейкі торф, які яны ўвесь час і капалі. А ў мяне ўжо 7 метраў + штыр — а такога торфу не відаць! І можна закапаць і 10 калец, і 15, і 20 — а да вады так і не дайсці.
Прама за маім участкам пачынаецца лес і ёсць вялікі абрыў — мясцовыя кажуць, што калісьці там быў пясчаны кар'ер. Дык вось, відаць мой участак знаходзіцца яшчэ на краю гэтага невыбранага пясчанага радовішча, а ўжо літаральна праз участак далей у суседзей пачынаецца другая глеба, дзе яны і выкапалі калодзеж.
Я, канечне, вельмі расстроіўся, што калодзеж не атрымаўся. Пытаю ў хлопцаў, што рабіць з закапанымі кольцамі. А яны кажуць: ну значыць гэта ў цябе будзе каналізацыя. Бо проста закапаць — ну неяк зусім не па-гаспадарчы.
Такім чынам у мяне атрымаўся на месцы калодзежа септык: у глыбіні участка, куды нязручна ехаць асенізатарскай машыне. Але што рабіць — сэляві. Хлопцаў папрасіў забетаніраваць дно і замазаць стыкі — калодзеж стаў герметычны.
У мяне заставаліся яшчэ тры кальца — у мэтах эканоміі вырашыў іх закапаць сваімі сіламі побач у другі, пераліўны калодзеж. На наступныя выхадныя прыбыў дэсант з цесця, жончынага брата і іх суседа, і пачалі зноў капаць:
Без вопыту, канечне, трохі складана. Бо першае кальцо ў нас стала крыва, і вельмі шмат часу змарнавалі на тое, каб яго выраўняць.
Яшчэ цяжка было прасці слой з глінай. Я проста не ведаю, як капаюць людзі калодзежы, калі глеба поўнасцю з гліны:
Потым пайшоў пясочак і гравій, таму капаць было нармальна. Па чарзе мяняліся: адзін капае ўнутры, другія дастаюць зямлю ў вёдрах. Больш за ўсё мне падабалася капаць унутры: сядзіш у зямлі, напаўняеш вёдры, а потым слухаеш, як з шорахам асядаюць падкапаныя кольцы. Рамантыка! І на глыбіні трох калец зусім не страшна. Я б, напэўна, стаў адчуваць сябе няўтульна толькі пасля 5 кальца — але столькі ў мяне не было :)
На дне гэтага калодзежа закапаў яшчэ тры мятровыя 110-я трубы з перфарацыяй, каб вадзічка лепей ішла ў глебу.
А дно паміж закапанымі трубамі закідаў трохі камянямі — каб вада, якая будзе ліцца зверху, не размывала пясок.
З-пад хаты і да першага 7-кальцовага калодзежа, а таксама ад першага калодзежа да другога пракапалі траншэі:
Што магу параіць па трэншэях: капайце іх шырокімі, каб можна было добра выраўняць дно з патрэбным ухілам (2 см на метр). Я з гэтым вельмі памучыўся, бо траншэя была глыбокая і вузкая, рукой асабліва не падлезеш, а ў некаторых местах спатрэбілася падкапаць, бо ўхіл труб быў недастатковы.
Ну і фінальная схема майго септыка (на жаль, фоткі няма — зараз усё пад снегам):
Стокі з хаты трапляюць ў вялікі герметычны септык, там адстойваюцца, а самая верхняя вадзічка перацякае ў другі калодзеж і па-ціху сыходзіць у зямлю. Ну гэта ў тэорыі — як будзе на практыцы, напішу пазней :)
Засталося дакупіць дзве верхнія пліты на калодзежы і паставіць люкі, але гэта закажу разам з кольцамі для кесона, каб два разы за транспарт не плаціць.
Колькі што каштавала?
Давайце падаб'ем выдаткі:
- Усе трубы ў хаце і звонку мне абыйшліся недзе ў 300 баксаў — можа трохі менш (складана падлічыць дакладна, бо шмат дакупаў па дробязях, а потым некаторыя вяртаў назад). У гэтую ж суму ўваходзіць метраў дванаццаць трубы дыяметрам 50 мм, якая пойдзе для стоку кандэнсату з дымаходу — яе закапаць яшчэ не паспеў.
- 50 баксаў — паяльнік для паліпрапілена.
- 240 баксаў — праца за тое, каб закапаць 7 калец. Дамовіліся па 40 долараў закальцо, бо з калодзежа атрымаўся септык.
- 500 рублёў — за 10 калец + 150 рублёў за дастаўку з Мінска.
Дык а што з вадой?
З вадой пакуль нічога. Як раз зараз знахожуся ў пошуках кампаніі, якая мне зробіць свідравіну. Таму калі ў вас ёсць кантакты добрых і танных хлопцаў — падзяліцеся, буду ўдзячны. Ну або вы як раз і ёсць тыя самыя хлопцы, якія робяць свідравіны: пішыце, можа дамовімся з вамі, ды яшчэ і зробім добры посцік на блог пра вашую працу :)
Але я паспеў з'ездзіць у