Хочацца збегчы з Менску? Едзьце ў Бярэзінскі запаведнік!

Вы яшчэ не былі ў Бярэзінскім запаведніку? Дакладваю — туды можна ехаць! Мы зганялі і не расчараваліся :) Калі хочацца пагуляць па дзікім лесе ды балоце, а да Белавежскай пушчы піліць ляніва, то самы добры варыянт. Бо 125 кіламетраў ад Менска і таксама cуперская прырода.

У запаведніка даволі інфарматыўны сайт - перад паездачкай можна паразглядаць спіс паслуг і выбраць патрэбны маршрут мацыёну. У нас быў лайт-варыянт: проста прагуляцца па 3,5 кіламетровай экасцежцы. 

Па дарозе з Менска на Віцебск асабліва глядзець няма чаго (акрамя шыкоўных крявідаў лагойскай Швейцарыі), можна толькі завітаць у Хатынь і Дальву.

Мемарыяльны комплекс у Хатыні мегакруты, калі так можна казаць пра такое месца. Аўтары змаглі стварыць атмасферу, што міжволі задумваешся пра вечнае.

Хатынь

Праўда, трохі напружваць людзі, якія фоткаюць сваіх блізкіх на фоне помніка мужчыне з мёртвым дзіцём на руках...

У Дальву не заязжалі — хапіла і Хатыні. Можа неяк іншым разам.

Ну і цяпер пра запаведнік: перад КПП — стаяначка. Мы кідалі машыну там, але можна праехаць і на тэрыторыю. Пайшлі на разведку ў музей. Там ёсць прыбіральні і сувенірчыкі. А таксама мегаактыўны супрацоўнік-экскурсавод, які мог каля адной карты запаведніка хвілін 20 расказваць розныя байкі. Пыталіся пра магчымасць паназіраць за мядзведзямі ў дзікай прырородзе (такая паслуга ёсць на сайце) — аказалася, што ўсё распісана на месяц уперад. І выезды да мішак толькі ўначы.

У сам музей мы не пайшлі — можа ўнутры і ёсць што добрае, але першы стэнд з мёртвымі пудзіламі жывёлінак не вельмі натхняў на баўленне часу ў музеі.

Накіраваліся на экасцежку. Для гэтага трэба зноў выйсці за КПП, вярнуцца па дарозе трохі назад і збочыць у лес.

Карта экасцежкі

Першая частка маршруту ідзе па дашчатым насціле. Потым ён заканчаецца і ты проста гуляеш па лесе.

Бярэзинскі

Пры чым лес розны — то буралом, то культурненькі з траўкай і ядлоўцам.

На сярэдзіне маршруту — балота. Выглядае трохі сюррэалістычна, але прыгожа.

b002

b008

Можна забрацца на вышку і аглядзець краявіды адтуль.

Балота ў Бярэзінскім запаведніку

Тут жа прыкольны стэнд - з подпісамі, колькі кіламетраў да Парыжу, а колькі да вёскі Рожна:

b004

Павялічваем:

b005

Ёсць нават драўляны насціл, каб трошкі прагуляцца па балоце.

Балота ў Бярэзінскім

Дзе-нідзе ўздоўж экасцежкі раскіданы арт-аб'екты. Больш за ўсё мне спадабаўся вось такі жалезны брутальны вадзянік. Калі б ноччу пабачыў — то бег бы да самага Парыжу.

вадзянік у Бярэзінскім

У канцы экасцежкі вальеры з жывёлінкамі. Касірка ў музеі папярэдзіла, што калі ідзеш па сцяжынцы самастойна, без экскурсавода, то калітка будзе зачынена: трэба абыйсці ўздоўж плота да цэнтральнага ўваходу і заплаціць 2,5 рублі.

Вальеры самы па сабе прыкольные, але я не зразумеў дзве рэчы: па-першае, чаму мядзведзя закрылі ў такую клетку як Гадзілу? Мала таго, што нічога не відаць, дык і клетка малая — няўжо пашкадавалі металу, каб зварыць вялікую?

Клётка з мядзведзем

Па-другое, навошта беднага бусліка кінулі за краты???

Бедны буслік

Павесілі б кола на дрэва — сам прыляцеў бы і засяліўся. У мяне ёсць толькі адна версія, якая можа апраўдаць здзекі над бедным буслом: што ён быў паранены і не можа жыць у дзікай прыродзе. А як яно там на самой справе — не ведаю...

У канцы хацелі падсілкавацца ў рэстарацыі гатэля "Сергуч". Зайшлі ў зал — там шмат народу сядзіць без ежы, а персаналу няма. Ну і мы селі. Праз дзесяць хвілін аднекуль з кухні выбег замылены афіцыянт і суседняму століку прынёс салацік. І зноў уцёк. Мы зразумелі, што паесці хуценька не атрымаецца, і звалілі з той рэстарацыі.

Далей было два варыянты — або паесці ў Бягомлі, або даехаць да Лепеля. Навігатар выдаў у Бягомлі толькі адну кавярню "Прыдарожную", у Лепелі — штукі чатыры. Паехалі ў Лепель (можа і дарма). У выніку рэстарацыя "Хваля" ў суботу працуе толькі з 15 да 2 ночы, ды і ўсё роўна там быў  банкет замоўлены. У кафэ-бістро — банкет. Прыйшлося есці ў харчэўні "555" каля віцебская трасы і перавалачнага пункту дальнабояў. Кормяць там смачна, але атмасфера з каларытам: дальнабоі, чоткія пацыкі з Лепеля на карчах з музлом на ўсю аколіцу... І яшчэ цікавая фішка: калі ты ясі ўнутры, то табе ежу ў нармальны посуд кладуць. А калі на століках на свежым паветрым — то толькі ў аднаразовы. Каб не пакралі.

А ў цэлым нармальна пакаталіся, душэўна. Парадавала, што Бярэзінскі запаведнік без трэшу — прыехаў і хадзі сабе культурненька па прыродзе. Трэба як-небудзь туды выбрацца на байдарках пакатацца: кажуць, што можна праехаць 110 кіламетраў па рацэ і ні разу не ўбачыць прыкметаў цывілізацыі.

 

Падзяліцца ў сацыяльных сетках:

Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Odnoklassniki
Share to Google Plus
Share to Google Buzz
comments powered by HyperComments