Хто “кінуў” беларускіх пенсіянераў на 1,9 млрд. долараў?

Мая маці ў 1993 годзе выйшла на пенсію і з самага першага разу, калі ёй прынеслі грошы, пачала запісваць, колькі ж ёй гэтай пенсіі дае дзяржава. Нядаўна я вырашыў гэтыя запісы перанесці ў кампутар ды паспрабаваць намаляваць некалькі графікаў, бо ўсё-такі статыстыка вялася кожны месяц на працягу 19 гадоў - час, скажу прама, не малы.Беларускі рубель

Пачну, напэўна, з самага злабадзённага - з канца так званай "стабільнасці" і да сённяшняга дня:

Малюнак 1. Пенсія ў 2011-2012 гадах (у доларах па курсе інтэрнэт-крам)
Малюнак 1. Пенсія ў 2011-2012 гадах (у доларах па курсе інтэрнэт-крам)

На гэтым графіку можна пабачыць пенсію маёй маці ў доларах з красавіка 2011 года, калі валюта пачалі знікаць з абменнікаў, і да лютага 2012 года. Пры чым пенсія пералічана ў долары па курсе інтэрнэт-крам, які фіксуе партал TUT.by (тут і далей курс бярэцца за 14 чысло кожнага месяца - як раз у гэты дзень прыносяць пенсію). Што мы можам цікавага ўбачыць на графіку? За 2011 год памер пенсіі панізіўся з 184 долараў у красавіку 2011 года (570 380 рублёў пры курсе 3100 за 1 долар) да 79,3 долараў у кастрычніку (734 490 рублёў пры курсе 9267). Потым таварышы з урада і Нацбанка нарэшце выйшлі на адзіны курс, долар трохі ўпаў, а пенсіі падраслі - у выніку тры месяцы маці атрымлівала па 100-103 долара. Ну і зараз, 14 лютага 2012 года, пенсію зноў паднялі - да 130,5 долараў (1 122 510 рублёў пры курсе 8602).

А зараз давайце падлічым, колькі б "варожай" валюты атрымала мая маці, калі б Пётр Пятровіч стрымаў сваё абяцанне не дапусціць дэвальвацыі, і яна ўсе гэтыя месяцы атрымлівала па 184 долары: 56,4 +  74,9 + 70,6 + 84,4 + 98,5 + 104,7 + 83,8 + 81,7 + 80,7 + 53,5 = 789,2 долара! Вось так, амаль цэлых 790 долараў наша сацыяльна-арыентаваная дзяржава зэканоміла толькі на адным пенсіянеры. А калі памножыць на колькасць пенсіянераў у краіне? На сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны напісана, што ў Беларусі розныя віды пенсій атрымлівае больш за 2,4 млн. чалавек - таму 789,2 х 2 400 000 = 1 894 080 000. Амаль цэлых 1,9 млрд. долараў! Ды за гэтыя грошы можна два Мінскіх аўтамабільных завода купіць і яшчэ застанецца на цукеркі!..

Давайце глядзець на другі графік - тут паказаная пенсія ў доларах па курсе Нацыянальнага банка:

Малюнак 2. Пенсія ў 1996-2012 гадах (у доларах па курсе Нацбанка)
Малюнак 2. Пенсія ў 1996-2012 гадах (у доларах па курсе Нацбанка)

На жаль, дадзеных пра "чорны" (ці рыначны) курс долара з 1993 года ў мяне няма (калі раптам у каго ёсць - падзяліцеся!), таму для адлюстравання дынамікі пенсіі ў больш працяглым часе прыйшлося карыстацца курсам Нацыянальнага банка. Праўда, на сайце Нацбанка прысутнічаюць дадзеныя пра курсы валют толькі з 1996 года, таму графік прышлося таксама пачынаць з гэтага часу. У студзені 1996 года мая маці атрымала 38,1 долара пенсіі. Мінімальны памер пенсіі быў зафіксаваны ў сакавіку 1999 года: толькі ўдумайцеся ў лічбу - пенсія складала няшчасных 17,5 долара! Затым пенсія трохі павысілася, потым панзілася (восенню 2000 года), перад выбарамі ў 2001 пачала расці і гэтых тэмпаў росту практычна не зніжала ажно да  жніўня 2008 года, калі яна склала цэлых 179,5 долара! Здавалася, што беларуская эканамічная мадэль перамагла і далей нас чакае кароткі шлях у светлую будучыню, але сусветны крызіс абламаў усю маліну - пасля дэвальвацыі ў пачатку 2009 года пенсія ўпала да 131,5 долараў у сярэдзіне гэтага ж года. Але на носе былі выбары, таму пенсіі ізноў пачалі расці, і ў снежні 2010 - студзені 2011 года мая маці атрымала самую высокую за ўвесь час пенсію - цэлых 189,5 долара! Праўда, музыка ізноў іграла нядоўга - перадвыбарныя шчодрасці дарма не прайшлі - пенсія ўпала да 100 долараў, то бок да ўзроўню вясны 2006 года...

Наступны малюнак паказвае пенсію ў беларускіх рублях з 1993 года:

Малюнак 3. Пенсія ў рублях з 1993 па 2012
Малюнак 3. Пенсія ў рублях з 1993 па 2012

Напэўна, па гэтым графіку асаблівых тэндэнцый прасачыць нельга - хіба толькі візуальна ацаніць абясцэньванне беларускага рубля: калі ў снежні 1993 года пенсія была 3371 рубель, то ў снежні 199912 165 000 рублёў. Наогул, 1999 год быў вельмі жорсткі - за год намінальны памер пенсіі вырас з 2,88 млн. да 12,17 млн. рублёў... Ну а потым адкінулі тры нулі і ў студзені 2000 года мая маці замест мільёнаў атрымала 12 957 рублёў. Сёння яе пенсія складае 1 122 510 рублёў, што па намінале роўна канцу 1997 года - тады памер пенсіі складаў 1 199 700 рублёў. Так што, відаць, хутка зноў прыйдзецца нулі адкідаць...

Ну і апошні малюнак - на ім я пабудаваў лінію пенсіі (у доларах) і лінію ста долараў:

Малюнак 4. Пенсія і 100 долараў
Малюнак 4. Пенсія і 100 долараў

Як думаеце, гэтыя дзве лініі разышліся назаўжды ці яшчэ сустрэнуцца?..

Падзяліцца ў сацыяльных сетках:

Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Odnoklassniki
Share to Google Plus
Share to Google Buzz
comments powered by HyperComments
Pavel Berasneu
2012-02-17 14:10:34
Дзяржаўным СМІ яшчэ да нас расці і расці :) Дзякуй.
Лапка
2012-02-17 14:06:52
Шыкоўная статыстыка, класны матэрыял... Шкада толькі, што дзяржаўныя СМІ не надрукуюць =))) І вельмі не хочацца задумвацца над тваімі рытарычнымі пытаннямі... Бо страшна!