Каля 100 тысяч беларусаў “забілі” на латарэйкі?

"Суперлато"Ад славутай беларускай стабільнасці за апошні год засталіся толькі рожкі да ножкі. Але ж ў пераходах па-ранейшаму сядзяць цётачкі і заклікаюць: "Каму латарэйку на заўтра? Разыгрываюцца кватэры/машыны/мільярды!". І мне стала цікава - а як жа пажываюць сёння нашы латарэйкі, якія доўга былі адзінай надзеяй простага беларуса на атрыманне кватэры ў Мінску? Мо яны загнуліся? Таму палез я на сайцік "Суперлато" за статыстыкай і намаляваў пару графікаў.

Графік # 1. Колькасць рэалізаваных білетаў "Суперлато"
Графік # 1. Колькасць рэалізаваных білетаў "Суперлато"

На першым графіку можна пабачыць, як з сытага і стабільнага канца 2010 года да сённяшняга моманту змянялася колькасць рэалізаваных білетаў. Як бачна, рэалізацыя білетаў латарэйкі падае: калі яшчэ у снежні 2010 года прадавалася 360-400 тысяч білетаў, то сёння - 210-280 тысяч. Мінімум быў зарэгістраваны 5 чэрвеня, калі беларусы купілі ўсяго толькі 211,9 тысяч латарэек. Гэта амаль нішто ў параўнанні з 755 тысячамі білетаў, якія былі прададзены на навагодні розыгрыш-2011. У цэлым жа можна сказаць, што па грубым падлікам сёлета каля 100 тысяч нашых грамадзян "забілі" на латарэі. Магчыма, з-за крызісу ў людзей проста не застаецца лішніх грошай, якія можна марнаваць на прывідны шанец атрымаць сталічную кватэру?

Графік # 2. Памер прызавога фонду "Суперлато"
Графік # 2. Памер прызавога фонду "Суперлато"

На другім графіку я намаляваў памер прызавога фонду "Суперлато". З яго вынікае, што, нягледзячы на амаль трохразовае абясцэньванне беларускага рубля, прызавы фонд у рублёвым эквіваленце не змяніўся. Скажам, у лістападзе-снежні 2010 года ён вагаўся ад 680 да 780 мільёнаў рублёў, то гэтай восенню ён быў амаль такі ж самы - ад 640 да 720 мільёнаў рублёў. Дый, напрыклад, калі ў святочным тыражы, прысвечаным 8 Сакавіка, прызавы фонд быў 1,44 млрд. рублёў, то ў тыражы да каталіцкіх Калядаў - толькі 1,27 млрд. рублёў. Але мільярд сёння і мільярд год таму - гэта зусім розныя рэчы. Дарэчы, цікава будзе паглядзець на навагодні тыраж-2012 - ці зможа ён абагнаць леташні, калі было разыграна 3,78 млрд. рублёў.

Графік # 3. Залежнасць колькасці рэалізаваных білетаў ад прызавога фонду
Графік # 3. Залежнасць колькасці рэалізаваных білетаў ад прызавога фонду

Для інтарэсу я два папярэдніх графіка звёў у адзін малюнак - як бачым, беларусы сапраўды вядуцца на абяцанкі пра кватэры і машыны: як толькі павялічваецца прызавы фонд, так адразу і білецікі раскупаюцца больш актыўна.

Ну і напрыканцы яшчэ пару лічбаў: у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года нашы грамадзяне купілі 415, 7 тыс. латарэйных білетаў, а прызавы фонд склаў 831,4 млн. рублёў. У гэтым годзе тыраж ад 18 снежня быў не такі ўдалы - пры амаль такім жа прызавым фондзе (822,3 млн. рублёў) латарэек было куплена толькі 219,3 тыс. штук...

Падзяліцца ў сацыяльных сетках:

Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Odnoklassniki
Share to Google Plus
Share to Google Buzz
comments powered by HyperComments