Квіткі на электрычкі будуць на беларускай мове?

Пра "Гарадскія лініі" ўсе ўжо пісалі-паперапісалі, але лёс склаўся так, што я туды патрапіў толькі нядаўна (фотасправаздачы не будзе, не хвалюйцеся!). Ну што можна сказаць - цягнічок добранькі і хуценькі, але ё-мае, чаму на квіточках надпісы не па-беларуску?! Прыйшлося пісаць ліст у БЧ:

Начальніку Белорускай чыгункі
Сіваку Анатолю Аляксандравічу

Добры дзень, Анатоль Аляксандравіч!

Учора  скарыстаўся  паслугамі "Гарадскіх ліній" (Менск-Беларусь) - усё вельмі   спадабалася:   цягнік  ідзе  хутка,  плаўненька,  ды  і  сама электрычка выглядае вельмі добра.

Але  хачу  спытаць,  чаму  квіткі  на "Гарадскія лініі" надрукаваны на рускай  мове, а не на беларускай? Электрычка - швейцарская, ездзіць - у Беларусі, а квіткі на рускай мове. Не лагічна.

Тое  самае  і  з  надпісамі  на  маніторах  у  цягніку  - яны таксама чамусьці па-руску,  хаця  станцыі  па  гучнай  сувязі, дзякуй Богу, аб'яўляюцца па-беларуску.

Папярэджваючы  магчымую  адпіску, хачу адразу сказаць, што я ведаю пра роўныя  правы рускай і беларускай моў у нашай дзяржаве, але асабіста я не  бачу ніякіх праблем і дадатковых фінансах рэсурсаў для таго, каб у
наступны раз замовіць у тыпаграфіі квіткі на беларускай мове.

І во прыйшоў адказ - калі таварышы чыгуначкі не маняць, то квіткі на беларускай мове ўсё-такі маюць шанс з'явіцца!

Адказ "Беларускай чыгункі" пра квіткі на беларускай мове
Адказ "Беларускай чыгункі" пра квіткі на беларускай мове

Ваш зварот па пытанні выкарыстання беларускай мовы ў электрацягніках гарадскіх ліній разгледжаны.

Праграмнае забеспячэнне дзеючай інфармацыйнай сістэмы электрацягнікоў гарадскіх ліній ЭПГ дазваляе адлюстроўваць інфармацыю на відэаманіторы і табло на чатырох мовах. У цяперашні час беларуская мова ў моўны пакет праграмнага забеспячэння не ўваходзіць.

Аб'ява прыпынкаў па сыстэме ўнутрысалоннага абвяшчэння ажыццяўляецца на беларускай мове.

Са знешняга боку на галаўных вагонах электрацягнікоў нанесены лагатыпы фармату гарадскіх ліній, якія суправаджаюцца надпісамі на трох мовах, у тым ліку і беларускай.

Праязны дакумент «на адну паездку» ў электрацягніках ЭПГ быў распрацаваны ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, узгоднены з Дэпартаментам дзяржзнакаў Міністэрства фІнансаў і зарэгістраваны ў Дзяржрэестры бланкаў строгай справаздачнасці за №4276.

У цяперашні час Беларуская чыгунка разглядае пытанне выпуску праязных дакументаў на беларускай мове як для электрацягнікоў гарадскіх ліній, так і для ўнутрырэспубліканскіх.

У выпадку нязгоды з прынятым рашэннем Вы можаце звярнуцца ў Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь, размешчанае па адрасе: вул. Чычэрына, 21, 220029, г. Мінск.

Першы намеснік Начальніка Беларускай чыгункі

У.Б. Міхайлюк

Будзем чакаць.

Падзяліцца ў сацыяльных сетках:

Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Odnoklassniki
Share to Google Plus
Share to Google Buzz
comments powered by HyperComments
Дар'я
2012-05-23 17:31:32
я таксама з той самай нагоды пісала ў чыгунку. наконт мовы на білетах пісалі, што вінавата машына, распрацаваная інтэгралам - можна друкаваць толькі па-расейску
Pavel Berasneu
2012-05-23 17:35:51
От заўсёды ў нас так - вінаватая машына, а не той, хто яе заказваў... :(