Нарэшце ў чыноўнікаў дайшлі рукі і да Трасцянца: што зроблена на месцы былога лагера смерці?

Калісьці, будучы яшчэ студэнтам, нядаўна "панаехаўшым" у Менск, я выпадкова патрапіў у раён Трасцянца — там, дзе стаіць абеліск. Падышоў да помніка і пачытаў: "Тут загінула 206 тысяч чалавек" Афігець — 206 тысяч! Але найбольш уразіла тое, што каля абеліска было месца для Вечнага Агню, але ён... не гарэў! І гэта ў нашай ідэалагічнастэрыльнай рэчаіснасці, калі фактычна адлік дзяржаўнасці па афіцыйнай версіі ідзе менавіта ад Вялікай Айчыннай вайны!

Так я пачаў цікавіцца гісторыяй лагера смерці "Трасцянец". Спачатку разбіраўся, чаму не гарыць Вечны Агонь, а потым — чаму на гэтым месцы ні савецкая, ні сённяшняя ўлада не будавалі мемарыяльны комплекс.

І вось, мо праз сем гадоў пасля маіх публікацый, у Трасцянцы адкрылі першую чаргу мемарыяльнага комплекса. Шчыра кажучы, настроены я быў скептычна: як паказвае практыка, чамусьці дзяржава да гістарычных аб'ектаў ставіцца абы-як. Але, пахадзіўшы па тэрыторыі былога лагеру смерці, я мушу прызнацца: тое, як робіцца мемарыяльны комплекс, выглядае пакуль як мінімум прыстойна.

Пачну з карты, каб вы ўяўлялі, што дзе знаходзіцца:

Вельмі клёва, што ўсе надпісы прадубляваны на трох мовах: беларускай, рускай і ангельскай.

Канечне, ёсць дробных памылкі ціпа "вязняу" без "ў", але можа яшчэ выправяць:

Цяпер пройдзем па тэрыторыі былога лагера смерці. Вось гэтыя таполі былі пасаджаныя яшчэ вязнямі лагера. Гэта і ёсць тая самая "дарога смерці":

А гэта памятны знак, пастаўлены яшчэ даўным-даўно, на месцы, дзе за тры дні да вызвалення Менска ў былым калгасным хляве былі расстраляныя і спаленыя 6,5 тысяч вязняў. Побач з помнікам — жывуць людзі:

А вось тут размяшчаўся лагер смерці. Тэрыторыя была абгароджана калючым дротам пад электрычным токам, стаялі вышкі з кулямётамі і аўтаматамі. Вязні жылі ў хлявах і скляпах, пазней для іх пабудавалі баракі. Зараз некаторыя рэшткі падмуркаў трохі аднавілі. На гэтым фота тое, што засталося ад будынка, дзе захоўваліся асабістыя рэчы вязняў:

І такіх падмуркаў некалькі штук. І каля кожнага — шыльдачка з подпісамі на трох мовах:

А вось галоўная мемарыяльная кампазіцыя "Вароты памяці". Выглядае трохі жудасна, але гэта не замінае людзям фоткацца на фоне. Праўда, гэта праблема не толькі Трасцянца: я бачыў, як і ў Хатыні цётачка фоткала мужа з дачкой на фоне помніка і казала ім "а ну-ка усміхніцеся".

І мемарыяльная алея з ўзгаданнем месцаў па ўсёй Беларусі, дзе было масавае знішчэнне людзей падчас вайны:

Таварныя вагоны таго часу, у якіх прывозілі габрэяў з Германіі, Чэхіі, Аўстрыі і Польшчы:

Далей я пайшоў ва ўрочышча Шашкоўка: на месца, дзе была яма-печ. У ёй, агароджанай калючым дротам і трохметровым дашчаным плотам, спальвалі вязняў — усяго каля 50 тысяч чалавек. Тут стаіць яшчэ стары помнік:

Праўда, каля яго з'явіўся шчыт з надпісам: "Людзі. схіліце галовы! На гэтым месцы знаходзіўся лагер смерці Трасцянец, у якім фашысты знішчылі 206 тысяч чалавек". Яно і правільна, бо раней тут людзі любілі адпачываць з шашлычкамі ды гарэлачкай...

На гэтым 1-я чарга стварэння мемарыяльнага комплексу скончана. Наперадзе — працы па стварэнні мемарыяльных зон на 9-м кіламетры магілёўскай шашы, дзе была чыгуначная станцыя (туды прыбывалі вязні ў вагонах), а таксама ва ўрочышчы Благаўшчына па другі бок шашы, дзе размяшчаліся 34 ямы-магілы ад 25 да 50 метраў даўжынёй, 5 метраў шырынёй і 3 метры глыбінёй. Тут расстралялі, закапалі і ўтрамбавалі гусенічным трактарам больш за 150 тысяч чалавек...

Якое я для сябе зрабіў рэзюмэ. Відавочны пазітыў — справа нарэшце зрушылася і мемарыяльны комплекс па-ціху з'яўляецца. Другі істотны плюс — на тэрыторыі былога лагера смерці людзі ўжо не ладзяць пікнікі. Бо раней яна выглядала як звычайнае поле, і пра тое, што тут калісьці рассейвалі попел спаленых людзей у якасці ўгнаення, мала хто ведаў. Канечне, жыхары Шабаноў юзаюць мемарыяльны комплекс як парк — прагульваюцца з дзецьмі і сабакамі — але гэта, відаць, ад таго, што іншых нармальных зон адпачынку і паркаў у гэтым раёне яўна не хапае. І, нарэшце, вельмі радуе, што зямлю не аддалі якому-небудзь інвестару пад будаўніцтва  шматфункцыянальнага комплексу. Але гэта, відаць, не заслуга чыноўнікаў — проста не знайшлося жадаючых інвестараў узводзіць бізнес ці гандлёвы цэнтр у Шабанах.

Ці ёсць мінусы? Напэўна, усё можна было б зрабіць больш маштабна. Напрыклад, калісьці была ідэя на гары ад гарадской звалкі, якая прама каля ўрочышча Благаўшчына, стварыць аглядную пляцоўку, з якой быў бы бачны ўвесь комплекс.

Але хай ужо лепей будзе так, чым ніяк. А калі што — нашыя нашчадкі перабудуюць. Можа будуць трохі разумнейшыя за нас.

Падзяліцца ў сацыяльных сетках:

Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Odnoklassniki
Share to Google Plus
Share to Google Buzz
comments powered by HyperComments