Простыя падарожжы: Як даехаць з Менска да Беластока і вярнуцца назад

Задумаў я адкрыць новы раздзел на блогу - "Простыя падарожжы". Сюды буду выкладваць алгарытмы і варыянты больш-менш бюджэтных падарожжаў, якія правераны на сабе. Спадзяюся, мае запісы камусьці спатрэбяцца і палегчаць распрацоўку лагістыкі. Пачынаю з самага банальнага, але папулярнага маршрута ў беларусаў: Менск - Беласток - Менск :)

Менск-Беласток

Спачатку едзем у Гародню. Выязджаем з Менска позна вечарам: у 23:59 цягнікамі або «623Б ВИТЕБСК – ГРОДНО» (ходзіць па няцотных), або «634Ф МОГИЛЕВ 1 – ГРОДНО» (па цотных). Ноччу адпачываем у плацкарце, і ў 05:35 раніцы прыбываем на чыгуначны вакзал у Гародні.

Далей ёсць два варыянты – або маршруткай, або цягніком.

Спачатку пра цягнік

Да пераводу гадзінніка на зімовы час у Польшчы цягнік «191Б ГРОДНО - БЕЛОСТОК» адпраўляецца ў 05:50, таму шанцаў паспець з менскага цягніка не так шмат, бо за 20 хвілін да адпраўлення закрываецца памежны пункт пропуску. Адзін раз паспець мне ўдалося, але толькі таму, што стаяла вялікая чарга. У другі раз - ужо не пусцілі. Таму не раю рызыкаваць. Я спрабаваў данесці да памежнікаў думку, што трэба неяк вырашыць пытанне з пасажырамі з менскага цягніка, але на мае прапановы яны даслалі адказ а-ля "у нас ёсць інструкцыя, а астатняе нас не калыша". Чыгунка, на жаль, таксама не захацела трошкі перасунуць расклад, каб быў час перабегчы з аднаго цягніка на другі...

Але ўзімку, у сувязі з пераходам на зімовы час у Польшчы, цягнік на Беласток адпраўляецца ў 06:50 раніцы па беларускім часе. А значыць, з 05:35 да 6:50 дастаткова часу, каб яшчэ і патусіць на вакзале.

Квіткі на цягнік у бок Беластока можна браць на чыгуначным вакзале ў Менску (але майце на ўвазе, што вярнуць назад іх нельга). Напэўна, можна паспець і ў Гародні перад адпраўленнем - не спрабаваў. Каб выйшла танней, квіток трэба браць з Гародні да Кузніцы Беластоцкай – гэта першы населены пункт у Польшчы, дзе спыняецца цягнік.

На гарадзенскім вакзале ўваход у памежны пункт знаходзіцца прама каля кас у асноўным зале, заблукаць цяжка. Заходзім туды за 30-40 хвілін да адпраўлення. Праходзім пашпартны кантроль, і чакаем у адмысловай зале, пакуль усіх выпусцяць на пасадку. Маленькі лайфхак: тут унізе ёсць бясплатная прыбіральня, хаця на самім вакзале ўваход у туалет каштуе 2500 рублёў.

У цягніку можна сядаць куды заўгодна: квіткі прадаюцца без месцаў, як на электрычку. Па дарозе можна назіраць за тым, як кантрабандысты раскручваюць вагон і хаваюць цыгарэты :)

У Кузніцы Беластоцкай прыходзяць польскія мытнікі і памежнікі: пасля таго, як у вас праверылі дакументы, трэба выходзіць на двор і курыць хвілін 40. Цяпер цягнік разбіраюць ужо польскія мытнікі – шукаюць беларускія цыгарэты. За гэты час трэба прагуляцца да будынка вакзала і ў касе купіць квіткі з Кузніцы Беластоцкай да Беластока. Карткі, па-мойму, у касе не прымаюць. Дарэчы, квіткі можна купіць потым і ў цягніку – ходзіць кандуктар. Цана тая ж самая (UPD. Людзі пішуць, што трохі даражэй).

Потым зноў сядаем цягнік, з якога выйшлі, і едзем да Беластока. Прыбыццё – у 8:06.

Цяпер варыянт з маршруткамі

Іх там – як сабак не рэзаных :) Але трэба выбіраць тыя канторы, якія аформілі свае аўтобусы як рэйсавыя, а не турыстычныя. Бо рэйсавыя менш стаяць на мяжы. З правераных асабіста мной – «Класс Тур». Там вясёлыя (у добрым сэнсе) кіроўцы, іншыя супрацоўнікі фірмы таксама адэкватна сябе паводзяць. Вось іх каардынаты і расклад:

Ежедневно. Отправление из Гродно в 5.50 (по субботам в 5.40; по воскресеньям в 5.30); 7.00; 8.00; 9.00 и 16.00 от автовокзала. Отправление из г. Белосток от автовокзала в 13.30; 14.40; 16.00; 17.10; 19.10.

Время местное. Билеты в кассах автовокзалов и в офисе ЧТУП  "КлассТур" на ул. Замковая, 11-205. Справки по тел.:(152) 72-12-72; 8029 170-87-70; 8029 267 25 19.

Адпраўленне аўтобусаў з аўтавакзала ў Гародні, а гэта хвілін 15 ісці пехам ад чыгуначнага вакзала.

Купіць квіток жыхары Гародні могуць у офісе. Для менскіх схема больш складаная: трэба патэлефанаваць, забраніраваць сабе месца і скінуць свой і-мэйл СМС-кай. «Класс Тур» дасылае на вашу пошту ліст са сваімі каардынатамі, на якія трэба ў банку пералічыць грошы за квіток. Патэлефанаваць у офіс, сказаць, што ўсё аплачана. Квітанцыю з банка захаваць і ўзяць з сабой. Квіткі будуць у кіроўцы.

Кошт маршрутак – 110 тысяч з чалавека ў адзін бок. Туды і назад разам - 150 тысяч.

Таксама проста на рагу будынка чыгуначнага вакзала ў Гародні ёсць іншая кантора з маршруткамі - "Інтакс". Я ехаў з імі адзін раз – прэтэнзій няма, таксама аформлены як рэйсавыя, аўтобус адпраўляецца прама ад чыгуначнага вакзала. Па-мойму, можна таксама загадзя браніраць і аплачваць квіткі з Менску, але асабістага досведу не маю. Трэба гугліць кантакты і ім тэлефанаваць.

Беласток-Менск

Вяртацца з Беластока цягніком не атрымаецца, бо ён адпраўляецца толькі ў 9 вечара і ў Гародню прыходзіць ноччу. Для менскіх гэта самы крайні варыянт, бо прыйдзецца ўсю ноч сядзець на вакзале і чакаць першага ранішняга аўтобуса або цягніка на Менск (і улічвайце, што аўтастанцыя ноччу закрытая - сядзець можна толькі на чыгуначным вакзале!).

Таму назад едзем маршруткай. Напрыклад, калі ехаць тым жа «Клас Турам», то выбірайце любы час - 13.30; 14.40; 16.00; 17.10 (па польскім часе). Калі выязджаць пазней, то можаце не паспець на цягнік на Менск (пра яго пазней). Як купляць квіткі на маршрутку – чытайце вышэй. Можна і ў касах PKS (аўтобусны вакзал) у Беластоку ці непасрэдна ў кіроўцы, але ўсё-такі запасціся квіткамі загадзя ў Менску, каб месцаў дакладна хапіла. Маршрутка адпраўляецца з другой платформы.

Час прыбыцця ў Гародню залежыць ад таго, як пашанцуе на мяжы. Далей садзімся ў цягнік “628Б ГРОДНО - МИНСК ПАСС” з адпраўленнем у 23:42, спім ночку ў плацкарце і прыязджаем у Менск у 07:24.

Кошт падарожжа туды:

Менск - Гародня - каля 58 тысяч рублёў

пасцель - 11 тысяч рублёў

Гародня - Кузніца Беластоцка - каля 40 400 рублёў + 7 500 рублёў (нейкі касавы збор) 

Кузніца Беластоцка - Беласток - 8,5 10,5 злотых (каля 27 35 тысяч рублёў) - UPD 15.11.2014

____________________________

Падрахунак: 151 900 рублёў

____________________________

Кошт падарожжа туды і назад:

Менск - Гародня - каля 58 тысяч рублёў

пасцель - 11 000 рублёў

маршрутка Гародня - Беласток - Гародня - 150 тысяч рублёў

Гародня - Менск - каля 58 тысяч рублёў

пасцель - 11 000 рублёў

____________________________

Падрахунак: 288 000 рублёў  (UPD 15.11.2014)

____________________________

(інфа па коштах стараюся абнаўляць, але яна можа састарэць)

UPD. 15.11.2014 Дабрацца з Беластока да Менска (або да Гародні ці Ліды, бо аўтобус там спыняецца) можна яшчэ "Экалайнсам". Зараз там акцыя, і можна знайсці квіткі Беласток-Менск па 50, 100 і 150 тысяч.

Звычайныя кошты:

Беласток (выезд 12:55) - Менск (22:45) -  350 тысяч бел. руб

Беласток (выезд 12:55) - Гародня (прыбыццё 18:00) - 200 тысяч бел. руб

УВАГА!!! Пры паездцы Ecolines на мяжы нельга адзначыць VAT! Для гэтага не прадугледжаны раскладам час - аўтобус адразу пасля пашпартнага кантролю едзе далей.

P.S. Калі можаце прапанаваць іншую лагістыку да Беластока - пішыце, мне будзе цікава!

 

Падзяліцца ў сацыяльных сетках:

Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Odnoklassniki
Share to Google Plus
Share to Google Buzz
comments powered by HyperComments
Mikhail Larchanka
2014-02-15 14:08:36
Злотые. А виза или шенген или польская.
Алесь Аркуш
2014-02-14 15:04:30
Сябры на машыне падвозяць да памежнага пераходу Брузгі. Высядаеш з машыны і праходзіць мяжу пешкі. Затым сядаеш у Кузьніцы на аўтобус і праз гадзіну выходзіш у Беластоку.
Юлiя Беккер
2014-02-16 17:06:24
Добры пост!
Pavel Berasneu
2014-02-15 14:27:55
+1
Ліоша
2014-02-16 00:58:25
З 1 студзеня 2014 года можна пераходзіць і беларускую і польскую частку мяжы пешкі - вельмі зручна!
Ліоша
2014-02-16 01:02:26
Вось мы тут паспрабавалі схадзіць у Польшчу на пошту і па закупы :) http://www.t-styl.info/by/116/region/12169/
Pavel Berasneu
2014-02-16 01:06:09
Крута! Дзякуй за спасылку!
Pavel Berasneu
2014-02-14 16:07:44
Гэта з нядаўняга часу можна пешшу пераходзіць? Раней жа быццам бы нельга было.
Віктар
2014-02-14 16:42:13
У Польшы ж ужо еўра, а не злотыя. І віза шэнгенская патрэбна ці не?