Сказ пра інвестыцыйную прывабнасць

Вырашыў я зарэгіць домен *.by - дзякуй дэвальвацыі, цэны на яго амаль зраўняліся з цэнамі на домены *.com. Але хутка казка расказваецца, а не хутка справа робіцца.

Дзень 1-ы, субота. Рэгіструюся на сайце Hoster.by - пры чым таварышы просяць мяне запоўніць такую анкетку, што і міліцыя пазайздросціць. Ну а што, гэта вам не жартачкі, а доменае імя ў нацыянальнай зоне. Запоўніў, але вось незадача - форма на сайце не прымае літары "ў" і "і" у маіх прозвішчы і імені па бацьку. Нагадаю, што я, грамадзянін Беларусі, спрабую ў беларускай канторы купіць домен у зоне *.by. Ну добра, замяніў "ў" на "у", а літары "і" напісаў англійскай раскладкай клавіятуры. Адпраўляю заяўку, а сайт мне выдае нейкую нявядомую памылку. Ё-маё! Няўжо прыйдзецца чакаць панядзелка? Тэлефаную ў кругласутачную тэхнічную падтрымку Hoster.by, а там мне дзядзечка сумных голасам кажа: "На жаль, адзел продажаў будзе толькі ў панядзелак, я нічым Вам дапамагчы не магу"...

Дзень 2-і, нядзеля. Чакаю панядзелка.

Дзень 3-і, панядзелак. Пачынаю пераспіску са службай падтрымкі Хосцера.бай. Нейкімі маніпуляцыямі яны ўсё-такі памылку выпраўляюць і мая заяўка адпрыўляецца ў... Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце!!!

Ваша заявка на регистрацию домена *.by принята к рассмотрению Оперативно-аналитическим центром при Президенте Республики Беларусь. О результатах вам сообщат в ближайшее время на e-mail.
Срок рассмотрения заявки: 1-5 рабочих дней.

Афігець, думаю сабе: цэлы цэнтр ды яшчэ пры прэзідэнце будзе разглядаць маю сціплую заяўку... Але ладна, хай разглядаюць, тым больш што цэнтр - аператыўны!

Дзень 4-ы, аўторак. На і-мэйл нічога не прыходзіць. Што там цэнтр можа аналізаваць у маёй заяўцы? Забіў у базу нумар пашпарта - і адразу бачна, ці правільна я запоўніў анкетку.

Дзень 5-ы, серада. Я пачынаю губляць веру ў аператыўнасць, заяўленую у назве цэнтра. Ды, відаць, моцныя аналітыкі сядзяць у ААЦ: другі дзень маю заяўку круцяць з усіх бакоў - правяраюць на штосьці...

Дзень 6-ы, чацвер. Канчаткова перастаю верыць у аператыўнасць ААЦ.

Дзень 7-ы, пятніца. З самай раніцы падумаў - калі і сёння адказ не дашлюць, то буду туды тэлефанаваць і высвятляць, што і як. Але, нарэшце, у 11:34 мне паведамілі - ААЦ даў "дабро", можна за домен плаціць і юзаць яго.

Не буду ўжо расказваць пра тое, як я бегаў у банк, а потым фоткаў квітанцыю, каб даслаць яе ў Хосцер.бай і такім чынам пацвердзіць аплату. Тут я сам вінаваты, што не маю картку, якой можна расплачвацца ў інтэрнэце. Я хачу сказаць пра іншае: пра якую, блін, інвестыцыйную прывабнасць і адсутнасць адміністратыўных бар'ераў можна казаць, калі я няшчасны домен рэгістраваў цэлы тыдзень?..

Хаця, у прынцыпе, я і не здзіўлены - калісьці адпраўляў ліст у ААЦ. Дзень прайшоў, другі. Тэлефаную ім і кажу: "Таварышы, я вам там ліст па электроннай пошце адпраўляў два дні таму..." А яны мне ў адказ: "Ок, зараз пошту праверым"... Вось такая аператыўнасць.

Падзяліцца ў сацыяльных сетках:

Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Odnoklassniki
Share to Google Plus
Share to Google Buzz
comments powered by HyperComments
Pavel Berasneu
2011-12-12 18:43:51
Калі там будзе што паказаць - то адразу дам спасылку. А пакуль - сакрэт :) Дый, з большага, там і глядзець на сёння няма чаго яшчэ.
Ілья
2011-12-12 18:37:08
Я што за дамен?