Слоўнік Калюгавай мовы для ABBYY Lingvo

Слоўнік Калюгавай мовы для ABBYY Lingvo
Слоўнік Калюгавай мовы для ABBYY Lingvo

Больш за пяць гадоў таму мне патрапіла ў рукі кніга з творамі Лукаша Калюгі. А ў канцы - тлумачальны слоўнік лексікі, якую ён ужываў. Я гэты слоўнічак адсканаваў і закінуў у далёкую-далёкую папку на сваім кампе. І вось нарэшце раскапаў гэтыя старыя сканы, апрацаваў іх і аформіў у слоўнік для ABBYY Lingvo. Каму трэба - налятайце, бо, як мне падаецца, некаторыя словы і выразы яшчэ маюць права на жыццё і вяртанне ў актыўнае выкарыстанне. Ну вось напрыклад:

апранаха -верхняе адзенне

бабскія "казалы" - плёткі

басхацімцы - людзі, якія не маюць хат

бляды - бледны

галадамір - той, хто галадае

гандзюрыць - гаварыць

дапісчыкі - карэспандэнты

жаўткі адбіць - (фр.) пячонкі адбіць

касамэ - камуністычны саюз моладзі

і гэтак далей.

Пра слоўнік Калюгавай мовы:
Канстанцін Пятровіч Вашыла - Лукаш Калюга
Канстанцін Пятровіч Вашыла - Лукаш Калюга

Творчасць Лукаша Калюгі пачалася ў той час, калі ішло станаўленне беларускай літаратурнай мовы, яе сцверджанне як мовы дзяржаўнай. Мова пісьменніка — у аснове беларуская літаратурная мова, у якой, аднак, выразна адлюстравалася лексіка і фразеалогія роднай Дзяржыншчыны, з яе метафарычнасцю, багатай сінанімікай і ацэначнасцю. Сёння цяжка з усёй паўнатой зразумець змест і вобразнасць Калюгавых радкоў без тлумачэння асобных слоў, словазлучэнняў, фразем. Асобнага тлумачэння патрабуюць і аўтаравы наватворы: індывідуальна-стылістычныя эпітэты, метафары, фразеалагізмы.

Каментарый да Калюгавых твораў — гэта не тлумачальны слоўнік, хоць у ім ёсць тлумачэнне слова як моўнай адзінкі. Гэта дапамога чытачу зразумець слова (словазлучэнне) непасрэдна ў кантэксце, убачыць тую ці іншую з'яву праз прызму аўтарскага ўспрымання. Каментарый дае тлумачэнне

- асобных дыялектных ці вузкаўжывальных слоў, якія не сталі літаратурнымі або перайшлі ў пасіўны запас лексікі: нізаводня, строні, шкілёнда, градкі, рымець, распасорыць і інш.;

- слоў ці словазлучэнняў, значэнні якіх канкрэтызуюцца толькі ў кантэксце,— такія моўныя адзінкі звычайна падаюцца ў мікракантэксце: абабраць лёстачку, лопаніны няма, падазадны авёс, фармазонскі птах і інш.;

- фразеалагізмаў і аўтарскіх аказіяналізмаў тыпу: глядзець ручным ягнём, абсячы вушы, утрапёны поп хрысціў, метафарычны вечар.

Тлумачэнні слоў даюцца шляхам падбору сінонімаў: прамаворы — прыметы, забабоны; прыкладка — мянушка, назоўка; пракудаваць — гарэзіць, сваволіць, штукарыць; шляхам лагічнага азначэння: бесхацімцы — людзі, якія не маюць хат; жыгала — востры металічны прут, якім прапякаюць дзіркі ў дрэве, косці.

Калі словы маюць варыянты ў напісанні, яны падаюцца праз коску: браварка, бравэрка; прыскаліцца, прыскіліцца.

Значэнні слоў-амонімаў пазначаны лічбамі 1, 2: прыклеп — 1. выгляд, 2. прычына, зачэпка; жаляска — 1. прас, 2. лязо гэбля.

У асобных словах пастаўлены націскі: вытлук, даматур, вушчун, варагі.

У некаторых словах даецца спасылка на мову, з якой яны запазычаныя: дэрашка — кабыла шэрай масці з прымессю іншага колеру (з венгер. deres); вандзелак — клунак (польск. тегеіек).

Растлумачаны сінтаксічныя канструкцыі, што не ужываюцца ў сучаснай беларускай літаратурнай мове: глыбей Вялікадня — да Вялікадня; на той бок нямецкае вайны — да нямецкае вайны; праз лякарства — на лякарства.

Фразеалагізмы маюць памету (фр.): ад тых дат (фр.), намуляць вочы (фр.), з капыта рушыць (фр.). Факультатыўныя кампаненты фразелагізмаў падаюцца ў дужках: бадай (на цябе) упадак.

Пераважная большасць слоў і словазлучэнняў прыводзіцца ў пачатковай форме: кашары, злашча, жарсць, напрыкрацца, падпінаць, склюдаваць, опаранджацца, прабеглы, хаджалы, даматурскі хопец; посцілка, ператыканая анучамі. Выключэнне складаюць тыя словы, калі аднаўленне пачатковай формы прыводзіць да змены сэнсавага значэння і экспрэсіўна-эмацыянальнай афарбоўкі: людскавалася кніжка, каторы любя, у тні за хатаю.

Ніна Гаўрош
Тамара Трыпуціна

(Калюга, Лукаш. Творы : раман, аповесці, апавяданні, лісты / Лукаш Калюга. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1992. - 607с.)

 

 

Падзяліцца ў сацыяльных сетках:

Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Odnoklassniki
Share to Google Plus
Share to Google Buzz
comments powered by HyperComments