Ці ёсць жыццё за горадам? Пачатак гісторыі пра маю «Хату з краю»

Тры дзясяткі гадоў я пражыў у горадзе, а цяпер вырашыў паспрабаваць стаць вясковым жыхаром – пераехаць у свой дом. Працэс пайшоў яшчэ ўвосень 2014 года, калі я падаў заяву на выдзяленне ўчастку. А ўжо сёння маю ўжо трохі недабудаваную хату з дахам, якой толькі не хапае камунікацый.

Паралельна я вырашыў дзяліцца вопытам будаўніцтва ў інтэрнэтах і распачаць праект “Хата з краю”: буду расказваць пра свае уражанні, праблемы і радасці. Спадзяюся, што мае нататкі кагосьці з вас таксама пераканаюць пераехаць жыць у вёску. А можа мы станем і суседзямі – я маю прамую зацікаўленасць у добрых і ініцыятыўных аднавяскоўцах! :)

Хата з краю: свой дом або кватэра?

Для пачатку давайце паспрабуем разабрацца, што выгадней: кватэра ў сталіцы або свая хатка ў вёсцы?

Наконт будаўніцтва ўласных дамоў у нашым грамадстве існуе шмат стэрэатыпаў . Вось самыя распаўсюджаныя:

“Гэта ж дорага!”

“А мае бацькі/знаёмыя больш за 10 гадоў дом будуюць і яшчэ не скончылі…”

“Гэта ж за домам пастаянна глядзець трэба, газон касіць…”

“А колькі кіламетраў ад Мінску? А як на працу ездзіць кожны дзень?…”

А з кім там у вёсцы дзеці будуць гуляць? А куды ў школу яны пойдуць? А калі раптам захварэюць?”

Знаёмая сітуацыя, праўда? :) Давайце гядзець па пунктах!

Кошт

Кошты на кватэры ў сталіцы імкліва падаюць, але ўсё адно па цане аднапакаёвай кватэры ў Менску можна пабудаваць невялічкі ўтульны домік “квадратаў” на сто з усімі выгодамі.

Ну і калі параўнаць цану 1 квадратнага метра, кватэры адназначна каштуюць даражэй.

Хуткасць будаўніцтва

Я чуў мноства гісторый пра тое, што будаўніцтва – справа не хуткая, расцягнутая на дзесяцігоддзі. Але мне падаецца, што прычыны трэба шукаць у людзях, якім, відаць, важны не вынік, а сам працэс.

Час будаўніцтва ўпіраецца ў наяўнасць грошай: калі ёсць адразу ўся сума і да ўчастка падведзены камунікацыі, то дом з нуля можна пабудаваць за некалькі месяцаў. Асабліва гэта тычыцца каркасных дамоў, якія збіраюцца як канструктар.

Праца па доме

Натуральна, што жыццё ва ўласным доме дадае лішніх клапот: уборка снегу, стрыжка газона, нешта ў хаце падбіць ці падкруціць…

Галоўнае ў гэтай справе максімальна аўтаматызаваць ацяпленне дома: каб не распальваць тры разы на дзень печ дровамі. Што сёння можна зрабіць без праблем, асабліва калі да ўчастка падведзены газ.

А пачысціць снег ці падстрыгчы траву – гэта ўжо не крытычная праца. Яе нават можна разглядаць як замену трэнажорнай залі :)

Лагістыка

На жаль, на прыгарадных бусіках ці электронах у вёску часта не паездзіш – у нас філасофія прыгараднага грамадскага транспарту не разлічана на сістэматычныя паездкі. Таму для жыцця ва ўласным доме ў любым выпадку патрэбны аўтамабіль, а лепей дзве машыны на сям’ю. Нейкіх вельмі вялікіх грашовых укладанняў зараз не патрэбна – можна ўзяць "карча" за 1,5 тысячы і ганяць туды-сюды.

Куды могуць быць гэтыя паездкі “туды-сюды”?

  • На працу. Ёсць магчымасць працаваць з дома? То праблем наогул няма! Калі ж трэба штодзень ездзіць на працу ў горад, то гэта таксама не так крытычна, як падаецца на першы погляд: скажам, 30 км да МКАДа – гэта 20 хвілін на машыне, плюс 20 хвілін да цэнтра па горадзе. У прынцыпе, калі зараз мне з Масюкоўшчыны трэба ў цэнтр, то я таксама выбіраюся з кватэры за 40-50 хвілін… Так, з’явяцца лішнія выдаткі на паліва, але, як кажуць разумныя людзі, проста трэба больш зарабляць :)
  • У краму. Хлеб-соль-запалкі ёсць і ў сельскіх гандэліках. Астатняе прывезці з горада – не праблема. А наогул, гляньце карту дастаўкі “Еўраопта” – можна і з дома не вылазіць.
  • У бальніцу/аптэку. Калі што не вельмі сур’ёзнае - можна на машыне ці на таксі зганяць у бальнічку. Калі зусім гамон, то адназначна прыйдзецца чакаць “хуткую”. А як яна прыедзе – латарэя што ў горадзе, што ў вёсцы.
  • Школа для дзяцей. Максімум у некалькіх кіламетрах ад вёскі будзе сельская школа. Многія з вас у такіх вучыліся, і нічога, выраслі адэкватнымі разумнымі людзьмі. Дзеці могуць дабірацца туды на школьных або рэйсавых аўтобусах. У крайнім выпадку – іх можна вазіць на машыне. І не кажыце мне, што ў Менску школьнікі самастойна ходзяць у школу :)

Карацей, я не ўбачыў нейкіх сур’ёзных мінусаў, якія мяне б пужалі. Давайце падсумуем:

Кватэра ў горадзе:

плюсы:

  • Вырашаны праблемы з камунікацыямі
  • Побач (часам адносна) інфраструктура – крамы, дзіцячыя садкі, школы, бальніцы

мінусы:

  • Залежнасць ад суседзяў (шум, брудныя пад’езды і г.д.)
  • Мала зялёных зонаў (асабліва ў раёнах а-ля Каменная Горка)
  • Праблемы з паркоўкай

Домік у вёсцы:

плюсы:

  • Чыстае паветра, магчымасць шмат часу праводзіць не ў чатырох сценах і піць каву на тэрасе
  • Нізкая залежнасць ад суседзяў
  • Можа вырошчваць цыбульку/бульбачку/грэцкія арэхі
  • Ніякіх праблем з паркоўкай
  • Большая жылая плошча за аналагічныя грошы
  • Можна пабудаваць лазню/майстэрню/басейн/поле для гольфа

мінусы:

  • Далёка інфраструктура (крамы, дзіцячыя садкі, школы, бальніцы)
  • Трэба самому вырашаць праблемы з камунікацыямі
  • Больш працы (расчысціць снег, паднавіць дом і г.д.)
  • Далёка ездзіць на працу

У прынцыпе, выбар таго ці іншага варыянту пражывання залежыць ад жыццёвых прыярытэтаў чалавека. Камусьці грэе душу, што ён жыве ў горадзе і ў любы момант можа схадзіць ў оперны тэатр (хаця можа так і ні разу і не схадзіў туды). Ну а мне хочацца прасторы. А да опернага я і на машыне даеду, калі што :)

А што вам больш падабаецца?

P.S. Наступны пост будзе пра тое, як мы выбіралі ўчастак і на што абавязкова трэба звярнуць увагу ў гэтай простай на першы погляд справе.

Падзяліцца ў сацыяльных сетках:

Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Odnoklassniki
Share to Google Plus
Share to Google Buzz
comments powered by HyperComments