“Тут быў долар-задавака, франк абшарпаны, гуляка…”

Як ні сумна, але ў апошні час курс долара зноў папоўз уверх. У прынцыпе, нечаканкай гэта не назавеш, бо наіўна было б спадзявацца, што мантры пра зарплату ў 500-600 даляраў прывядуць да нечага іншага. І хаця з экранаў прэзідэнт і яго прызначэнцы талдычаць, што дэвальвацыі не будзе, народ усё роўна ломіцца ў абменнікі, каб перавесці паперкі ў нармальную валюту. І нават Пракаповіча не выпусціш - ён ужо летась са свамі абяцанкамі пракалоўся...

Адчуваю, што хутка з загашнікаў будзе выцягнута савецкая прапаганда. А там усяго хапае. Вось, я як раз знайшоў добры прыклад у тэму:

Міхась Скрыпка, "Рубель і долар"
Міхась Скрыпка, "Рубель і долар"

Міхась Скрыпка

Рубель і долар

Не за сінімі марамі,
Можа, у нас ці побач з намі
Грошы ўсіх на свеце марак
Зазвінелі звонам чарак,
Каб адзначыць Новы год
I не знаць бяды, нягод.
Тут быў долар-задавака,
Франк абшарпаны, гуляка,
Ліра, крона, фунт кульгавы
Тугрык, рупій і рухавы
Новы злоты, йены, леі.
Адным словам, асамблея.
Першым долар тут падняўся
I да поту выхваляўся
Сваёй шчырай дапамогай,
Што ён служыць людзям, богу.
Раптам голас маладзецкі
(Гэта наш рубель савецкі)
Перабіў хвалько пытаннем:
— А давай у справы глянем.
Ці туды ты траціш сілы,
Наш шаноўны, долар мілы?
Колькі траціш ты мільёнаў
На забойцаў і шпіёнаў?
Лазіш лыскам пад вароты
Учыняць перавароты,
Возіш золата ў Тайван,
У гнілы, бяздонны чан.
Ты і ў Турцыю пралез,
Ну, а дзе твой мендэрэс?
На свае бярэш бюджэты
Усіх на свеце прайдзісветаў.
Не наводзь на сонца цень:
Што згніло — не расцвіце.
А на здраднікаў «падкутых» —
Хамаршэльдаў і мабутаў, —
Ведай, — слабыя надзеі:
Ланцугі яны не склеяць.
Долар кажа: «Э, мілейшы,
I ты ж ходзіш да слабейшых!»
— Так, бываю за граніцай,
Ды будую там бальніцы.
Рупій тут перабівае:
— Збудаваў рубель Бхілаі!
— А ў мяне аж у пустыню
Ён правёў жыццё — плаціну!
— А ў мяне палац да неба!
— Мне ў час пазычыў хлеба!
— Ён знішчае цемру, гора! —
Закрычалі грошы хорам.
— Нас рубель на ногі ставіць!
Ад таго і вырастае.
— А далары сеюць порах,
Здраду, смерць, галечу, гора.
Цэлы свет яго кляне.
Што пасеяў — то і жне.
Долар бачыць: крыць тут нечым.
А рубель расправіў плечы
І сказаў: давай лепш будзем
Мы служыць не смерці — людзям.
Долар буркнуў: «Ну й праблема!»
Ды хутчэй дамоў, да Сэма
У заморскія аж далі,
Толькі пяткі заблішчалі.

Тут і пра перавароты, і пра здраднікаў, і пра шпіёнаў... Знаёмая рыторыка, праўда?

Падзяліцца ў сацыяльных сетках:

Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Odnoklassniki
Share to Google Plus
Share to Google Buzz
comments powered by HyperComments