У Літве танней мяса, а ў Беларусі — хлеб і парацэтамол

Разгроб чэкі з літоўскіх крам і вырашыў параўнаць іх цэны з нашымі. Паколькі асноўнай мэтай паездкі ў Літву было людзей паглядзець ды сябе паказаць, а не закупіцца шмоткамі і хаўчыкам, то пазіцый для параўнання я назбіраў толькі 16 - што паспеў пафоткаць у крамах і што адбілася ў чэках. Беларускія цэннікі ўзятыя з маёй "любімай" крамы "На недельку", а курс пераліку літаў у рублі - Нацбанкаўскі (3 086,12 рублёў за 1 літ). Паколькі агульных брэндаў для Беларусі і для Літвы мала, то стараўся выбіраць тавары аднолькавыя па якасці і па колькасці (у асобных выпадках прыйшлося браць падобныя тавары: чыпсы не 75 грам, а 85, ёгурт - не 100 грам, а 110).

Цэны ў Літве і Беларусі (графік)
Цэны ў Літве і Беларусі

Што мы бачым з гэтага параўнання? Па-першае, у 10-ці пазіцыях з 16-ці цэны ў Беларусі ніжэйшыя. Самы вялікі разрыў мы бачым па хлебе (там ён даражэй ў 2,5 разы), кефіры, алеі і парацэтамоле (у 3,6 раза). Астатнія пазіцыі, скажам, гуркі ці бананы, там трохі даражэй, але не нашмат. Цікава, дарэчы, што курынае філе ў нас танней - 47 900 супраць 52 400. Праўда, гэта зноў такі гэта не крытычная лічба - яшчэ адно падаражэнне і мы іх дагонім.

Літоўскі кефір - 8 тысяч за літр
Літоўскі кефір - 8 тысяч за літр

Калі паглядзець асноўны прадукт - мяса (хаця вегетарыянецы са мной не пагодзяцца), то кілаграм паляндвіцы ў Літве каштуе 54 тысячы, а ў нас  - 79. Таксама значна таннейшыя там памідоры, радыска і чыпсы. Цікава, што нават польскую мінералку там можна знайсці танней за нашу "Дарыду"...

Мяса ў літоўскай краме - 54 тысячы за кілаграм
Мяса ў літоўскай краме - 54 тысячы за кілаграм
Памідоры ў Літве - 15400 рублёў за кілаграм
Памідоры ў Літве - 15400 рублёў за кілаграм

Асобна напішу пра шампунь - мне пашанцавала, і ў "На недельку" я ўбачыў шампунь той самай фірмы, што і ў Літве. У Вільнюсе мы цюбік гэтага шампуню (200 мл) набылі за 13 тысяч, а ў нас на паліцах ён ляжыць па 21 400 рублёў.

У прынцыпе, як мне падаецца, Беларусь ужо выраўняла цэны з суседнімі краінамі. Я так прыкінуў, што ў прынцыпе ў той жа Літве можна харчавацца на тыя ж грошы, што і сёння ў Менску - як на мясе зэканоміш, то на кефіры пераплаціш і г.д. Цікава было б даведацца, як у іх там з даходамі, бо літоўцам у разліковыя рахункі не глядзеў, а сярэдняя зарплата па краіне - гэта як сярэдняя тэмпература па бальніцы. Вунь у нас  усё байкі травяць пра 500 баксаў сярэдняга заробку, але нешта яго ўсё не відаць і не відаць...

Ну і напрыканцы фота беларускіх памідораў, якія ледзьве не напалову даражэйшыя за літоўскія. Параўнайце:

Беларускія памідоры - 22770 рублёў за кілаграм
Беларускія памідоры - 22770 рублёў за кілаграм

Падзяліцца ў сацыяльных сетках:

Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Odnoklassniki
Share to Google Plus
Share to Google Buzz
comments powered by HyperComments