Як змяняўся памер пенсій за апошнія 20 гадоў?

Тэма пенсій сёння моцна хвалюе беларусаў. Асабліва тых, у каго планы па хуткаму выхаду на заслужаны адпачынак пасунуліся на тры годзіка. Але я хачу падзяліцца інфай трошкі пра іншае - пра памер гэтых самых пенсій.

Мая маці - маленькі Белстат: штомесяц запісвае ў нататнічак памер сваёй пенсіі ажно з... 1993 года! Ну грэх было не скарыстацца такім масівам дадзеных і не пабудаваць пенсійны графік за апошнія 20 гадоў (на жаль, дадзеныя па курсе долара на сайце Нацбанка прысутнічаюць толькі з 1996 года). І вось што атрымалася:

Пенсія з 1996 па 2016 год

Самая нізкая пенсія была ў сакавіку 1999 года - усяго $17,5! Потым, у 2000-х пайшоў павольны, але стабільны рост - і з цягам часу пенсія пераваліла за 100 баксаў. Дэвальвацыя 2009 года прыгожы графік сапсавала - памер пенсіі ўпаў недзе да 130 долараў. Затым яшчэ дэвальвацыя 2011 года, калі пенсія па "чорным" курсе апусцілася да $79,3. Нарэшце, прыйшоў самы "тлусты" час для пенсіянераў, калі памер пенсіі перавысіў 200 баксаў: самую вялікую пенсію мая маці атрымала ў лістападзе 2014 года - $230,9.

Але нядоўга музыка іграла - у 2015 годзе пачаўся імклівы рост бакса, і пенсія ў лютым 2016 года знізілася да $118,7. І, мяркуючы па "поспехах" нашай унікальнай эканамічнай мадэлі, гэта яшчэ не самае дно.

Яшчэ пару прыкольных графікаў па пенсіі можна глянуць у маім посціку 2012 года.

P.S. Як мяркуеце, ці зможам мы дажыць да таго часу, каб маляваць графікі па сваіх пенсіях? Ці трэба ўжо зараз пачынаць настраівацца быць канямі ажно да самай смерці? )

Падзяліцца ў сацыяльных сетках:

Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Odnoklassniki
Share to Google Plus
Share to Google Buzz
comments powered by HyperComments